Леанід Гуляка гатовы сустрэцца з Анжалікай Арэхвай ў любы час

|

Пра гэта упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў заявіў падчас учарашняй прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Леанід Гуляка мае намер абмеркаваць са спадарыняй Арэхвай тэму палякаў “у самым шырокім сэнсе”, а таксама “прыслухацца да яе меркавання і паставіцца да яго па-дзяржаўнаму”.

Упаўнаважаны падкрэсліў, што статут Саюза палякаў пад кіраўніцтвам А.Арэхвы не зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі, таму прадстаўнікі арганізацыі “пакуль не маюць права гаварыць ад імя саюза”.

Разам з тым, лічыць Л.Гуляка, дзяржава збіраецца зрабіць усё дзеля таго, каб “польская тэма ў краіне была знятая”.

Сёння Анжаліка Арэхва ў якасці выконваючай абавязкі старшыні Саюза палякаў на Беларусі знаходзіцца з першым візітам у Варшаву.

У яе запланаваная сустрэча з Марэкам Бароўскім – старшынёй камісіі польскага Сейма па сувязях з Палоніяй.

Два Саюзы палякаў на Беларусі – прызнаны беларускімі ўладамі, пад кіраўніцтвам У.Сямашкі, а таксама на чале з Анжалікай Арэхвай (легітымны з пункту гледжання Польшчы, але непрызнаваны ў Беларусі), паралельна існуюць з 2005 года.

Анжаліка Арэхва, якая прыняла пасаду старшыні арганізацыі ад Анжалікі Борыс 19 чэрвеня, першыя месяцы сваёй працы мяркуе прысвяціць бягучай дзейнасці Саюза палякаў, а праблемы легалізацыі арганізацыі пачынаць вырашаць не раней за восень.

Паводле http://www.tut.by/

На фота: Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка

Фота з сайта http://www.rferl.org