Пра веліч і неадхільнасць безумоўнай перамогі Чучхе
Тыя хто гэтыя дні жыве чэмпіянатам свету, ведаюць што гэта хлусня.
Паўночная Карэя бразільцам прайграла.
Ну а тыя, хто жыве ў інтэрнэце, ведаюць, што гэты ролік – фэйк, падман, падробка.
Хоць вельмі падобны на праўду – калі верыць прапагандыстцкім плактам, якімі завешаная Паўночная Карэя, менавіта гэтай краіне Еўропа ўдзячная за вызваленне ад фашызму.
Чаму б не распавесці аб «перамозе» над бразільцамі?
Ах, як бы я хацеў, каб зборная Беларусі прайграла бразільцам 2:1!
Але пакуль нашая футбольная дружына недастаткова моцная, каб нават прабіцца на чэмпіянат, а аддзелы ідэялогіі – каб сфальсіфікаваць хаця б дастойную паразу.
Хаця, безумоўна, зрухі ёсць, і не на футбольных палях, а – у кабінетах з відам на плошчу Леніна.
Дарэчы, неважна ў якім горадзе :), бо ўсе гэтыя кабінеты – з відам на плошчу Леніна.
У адным кабінеце абвяшчаюць Дні цвярозасці, у другім – выдаюць дырэктарам заводаў па вытворчасці алкаголю вымовы і ўказанні аб «разгрузцы» складоў.
У трэцім кабінеце высунуўшы ад напругі і канцэнтрацыі язык, малады спецыяліст малюе ў пірацкім фоташопе плакат да Дня Незалежнасці з ветэранам, а таксама простым і тупаватым лозунгам.
Ягоны сусед за сценкай – рыхтуе чынавецкую адпіску аб тым, чаму немагчыма назваць адну з вуліцаў імём Быкава.
Думаеце, гэта Інь і Янь жывуць у розных кабінетах і змагаюцца? Не, гэта відавочная перамога Чучхе – ідэялогіі, паводле якой розум кіруе і пануе над рэчаіснасцю, якой яна б там ні была.
Як з плакатамі аб Другой Сусветнай у Карэі. Для мільёнаў тое, што агіткі крычаць са сценаў – рэчаіснаць, факты.
Бо хто сказаў, што розум, які кіруе рэчаіснасцю, мае быць разумным, лагічным і справядлівым?
Не, ну што вы, у нас да такога не дойдзе. Прынамсі пакуль не дайшло.
У нас усяго толькі плакаты «За…» аграгарадкі, міф пра ільготныя крэдыты для маладых сем’яў (нашыя бліжэйшыя суседзі і з Захаду і з Усходу, даведаўшыся пра нашыя «ільготныя» умовы, трапляюць у стан лёгкага шоку).
Яшчэ суперэкалагічныя і здаровыя беларускія прадукты з той часткі Гомельшчыны, дзе яшчэ два дзесяткі гадоў таму забаранялі сяліцца людзям.
І крыкі аб тым, што інтэрнэт збіраюцца ўзяць пад татальны кантроль – дурнота.
Мы ж у цэнтры Еўропы. У нас тут Кітай не зробіш, не кажучы ўжо пра Паўночную Карэю. Сусветная грамадскасць не дазволіць такой несправядлівасці.
Вось і нават той ролік з Youtube выдалілі, нягледзячы на тое, што Паўночная Карэя сапраўды далёкая ад ідэялаў дэмакратыі.
Але не таму, што ён непраўдзівы і па-сутнасці – паклёпніцкі. А таму, што былі парушаныя аўтарскія правы FIFA на «карцінку» з гульні.