А ты заплаціш падатак «на спорт»?

|

Новы старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра прапанаваў нядаўна новы спосаб выратавання гарадзенскага спорту. Пра тое, што вялікі спорт у Гродне знаходзіцца ў глыбокім фінансавым крызісе не ведае хіба толькі той, хто да гэтай тэмы абсалютна абыякавы.


Футбольны «Нёман» на пачатак сезону меў самы малы бюджэт у вышэйшай лізе (не дзіўна, што каманда пляцецца ў канцы турнірнай табліцы).

З–за адсутнасці грошай вясной ледзь не паразбягаліся ўсе вядучыя хакеісткі «Рытму», які штогод прадстаўляў Беларусь у Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў.

 

Сігналы пра ледзь не галечны стан рэгулярна прарываліся з баскетбольных жаночай «Алімпіі» і мужчынскага «Гродна–93».

Не можа пахваліцца фінансавай устойлівасцю хакейны «Нёман».

 

З–за недахопу сродкаў адмовіўся ад удзелу ў еўракубках валейбольны «Камунальнік».

Яшчэ горш пачуваюць сябе гарадзенскія валейбалісткі.

На іх фоне крыху весялей ідуць справы ў гандбольнай «Гараднічанкі», якая не адмовілася пакуль ад удзелу ў сёлетніх еўракубках. Але і цягацца з наймацнейшай беларускай дружынай – сталічным БНТУ, з–за сціплага бюджэту нашыя дзяўчаты сёлета не змаглі.

 

Фактычна ўсе гарадзенскія каманды існуюць дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. За многімі клубамі «замацаваныя» прадпрыемствы–спонсары.

Сусветны фінансавы крызіс, аднак, моцна ўдарыў па гарадзенскіх заводах ды фабрыках.

Так, па звестках Міністэрства фінансаў, толькі за першыя 9 месяцаў мінулага году прыбытак «Азоту», які традыцыйна спансаруе гарадзенскі спорт, зменшыўся больш як у дзесяць разоў у параўнанні з адпаведным перыядам 2008 г.!

 

У такой сітуацыі старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра паведаміў на нядаўняй прэс–канферэнцыі пра сваю ідэю ўвесці ў Гродне нешта кшталту «мясцовага падатку» ў памеры 4–5% ад прыбытку.

Такі падатак мелі б «дабраахвотна» сплачваць гарадзенскія прадпрыемствы.

 

Ведаючы, як у нас збіраюць «дабраахвотныя» сродкі, можна не сумнявацца, што ў выпадку рэалізацыі ідэі сп. Шапіры гарадзенскім бізнесоўцам давядзецца адкладаць на спорт.

І тады «Нёман» напэўна стане чэмпіёнам!

 

Калі не зваліцца сёлета ў першую лігу…