«Сырая» сямёрка ад Віктара Шалкевіча

|

Так склалася, што палітычныя каментатары, іранічныя вастракі і цынічныя назіральнікі за нашай штодзённасцю, з цягам часу, непазбежна робяцца лірычнымі паэтамі з неад’емным лёгкім віном на камерных канцэртах.

 

З Шалкевічам справа выглядае інакш: пачаўшы ад задуменных баладаў і рамансаў – лірыкі, у якой ён сапраўды моцны – гарадзенскі бард усё больш робіцца актуальным сцэнічным сатырыкам. Прынамсі, такое ўражанне будзе мець кожны, хто паслухае яго апошні дыск.

 

Альбомам кружэлку назваць цяжка, бо гэта ўсяго толькі запіс канцэрта, не самы ўдалы, зрэшты. Калі параўноўваць з папярэднім канцэртнікам – «Гарадзенец прызямліўся ў Менску» – дык адчувальны яўны рэгрэс, асабліва што да якасці запісу.

 

Варта было б таксама хоць троху адфільтраваць доўгія прамовы Шалкевіча, якія займаюць ледзь не палову дыску. На канцэртах, зразумела, яны на месцы, без іх ніяк, але ўжо пасля чацвёртага хатняга праслухоўвання проста не вытрымліваеш.

 

Напружвае тое, што яны не запісаныя асобнымі трэкамі і іх даволі складана прапусціць, калі хочацца паслухаць толькі песні. Хаця нас шчыра папярэджваюць яшчэ на вокладцы: гэта, маўляў, не новы альбом, а «новыя песні і анекдоты».

 

Самыя моцныя пункты новай праграмы, лірычныя і задуменныя «Такая доўгая зіма», «Лета якое мы зноў змарнавалі» ды «Маё каханне», перарываюцца тыповымі для Шалкевіча трасянкаўскімі крыўляннямі («Балада пра жэншчыну», «Балада пра Славянскі Базар»), творамі, натхеннем для якіх былі штодзённыя назіранні («Балада пра Валожын», «Пятніца 13 у Менску») і палітычнай сатырай – гэтым разам гэтак на афіцыйныя ўлады (яўная спроба стварыць больш актуальную версію «Таварыша Сапегі»), як і на апазіцыю («Новыя хвалі Радыё Свабода»).

 

Цікава гучыць цалкам пераасэнсаваная «Голуб на чарэшні, галубка на вішні» гурта Ліцьвіны, дзе не толькі звыклыя нам дрэвы сталіся секвояй і пальмай, але і дадалася тэма палітычнай эміграцыі.

Цешыць, што нарэшце з’явіўся хоць нейкі запіс даўно не новай «Балады пра Катманду і Мандалай».

 

Шалкевіч, як заўсёды, музычна разнастайны і эклектычны, цытуе самога сябе, жартуе; тэматыка песен ужо традыцыйна розная, але тэксты вельмі пазнавальныя, у іх адчуваецца почырк канкрэтнага аўтара.

Не гледзячы на гэта, запамінальных песен не так шмат і дыск будзе мець паміж прыстойнымі студыйнымі працамі хутчэй «прахадны», а ніяк не юбілейны, характар.

 

Агулам усё выглядае даволі неахайна і недапрацавана. Так і хочацца зачыніць спевака ў студыі з хоць-якім бэндам, прымусіць папрацаваць над аранжыроўкамі, знайсці нармальнага дызайнера для афармлення вокладкі. Але, мабыць, гэта нейкі мой уяўны Шалкевіч.

 

«Сямёрку» не назавеш дыхтоўным студыйным альбомам, але ж гэта і не запіс кватэрніка – самотную шалкевічаву гітару дапоўнілі фартэпіяна Анатоля Кандыбы ды кантрабас Аляксандра Грабца. Шкада, што яны маюць усяго толькі дадатковы характар.

«Шчаслівая сямёрка» атрымалася такой-сабе шасцёрачкай. Але цешыць свядомасць таго, што менш Шалкевіч сабе проста не можа дазволіць.

 

 

Выканаўца: Віктар Шалкевіч

Альбом: Шчаслівая сямёрка

Год: 2010

Стыль: бардаўская песня

Дзе ўзяць: купіць у краме, або праслухаць тут

Прыватная ацэнка: 6/10