Крызіс у галовах
Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў прадставіў нядаўна вынікі апытання беларусаў, якія тычыліся таго, наколькі адчувальнымі для беларусаў былі наступствы сусветнага фінансавага крызісу.
Як вынікае з даследавання, крызіс не пакінуў значнага адбітку на жыхарах Беларусі.
Абсалютная большасць апытаных, апісваючы сваё жыццё, схіляюцца да высноваў, што «не ўсё так дрэнна, можна жыць» і што «жыць яшчэ можна».
Найменш пацярпелі ад крызісу пенсіянеры ды студэнты.
Найбольш вінаватыя ў крызісе, натуральна – амерыканцы ды розныя міжнародныя карпарацыі ды фінансавыя арганізацыі.
Таму, з пункту гледжання беларусаў, няма нічога кепскага ў тым, каб вытрасаць крэдыты з таго самага Міжнароднага валютнага фонду.
Буржуі вінаватыя – буржуі павінны адкупацца! …
Губляе той, хто мае што губляць.
Мае што губляць той, хто нешта назапасіць сваёй працай сабе на жыццё, хто прывык інвеставаць у сябе, у развіццё свайго грамадства, сваёй краіны.
Савецкая, а затым і суверэнная беларуская дзяржава, якая пераняла ад СССР «усё самае лепшае», ніколі не стымулявала людзей імкнуцца быць багатымі.
Быць багатым у нашай краіне – гэта не гонар, а, хутчэй, наадварот – нагода для людской зайздрасці ды трывожнага сна. Нават калі ўсе падаткі заплочаныя ў час.
Замест таго, каб развіваць прадпрымальніцкую ініцыятыву ды са школы вучыць дзяцей, як зарабляць грошы, у нас робяць усё, каб гэтую ініцыятыву адбіць.
Адзін з маіх знаёмых ужо некалькі год ходзіць з ідэяй стварыць арганізацыю, якая вучыла б моладзь асновам прадпрымальніцтва.
А ўлады яму ў адказ – «немэтазгодна»! Ёсць, маўляў, у нас БРСМ, які сам, пры патрэбе, усяму навучыць!
Вось і гадуюцца ў нас пакаленні, ад піянерскіх гальштукаў да сівых валасоў, гатовыя «жыць як набяжыць», пакладаючыся ва ўсім на добры ўрад, кепска ахоўваемы калгасны склад, уласны гарод, шлюб з сынам/дачкой начальніка і г.д.
І аніякі крызіс ім не страшны, бо ў крызіс губляе толькі той, хто мае што губляць…