Лета – у пошуку дадатковага заробку

Наведванне гарадскога Цэнтру занятасці асабліва не ўсцешыла: добрых прапановаў працы там няма.

 

У лепшым выпадку вам параяць схадзіць у будаўнічае ўпраўлене на вул. Лідскай, 15.

 

Калі там вас прымуць, то Цэнтр занятасці дасць вам накіраванне на працу.

 

Працаваць давядзецца прыкладна два тыдні па 7 гадзін у суткі. Заробак у мінулым годзе складаў каля 100 тыс. бел. руб. у тыдзень. Не самы лепшы варыянт …

 

Іншы спосаб здабыцця часовага заробку патрабуе некаторых навыкаў:

 

– Я вывучаю прафесію цырульніка і летам вырашыла ўладкавацца ў які-небудзь салон. Спачатку не хацелі браць, але потым усё ж такі ўзялі – кажа студэнтка Каця.

– Працую прыкладна 12 гадзін у суткі. Заробак – гэта адсоткі ад выручкі: чым больш людзей пастрыгу – тым больш атрымаю. У сярэднім атрымліваецца 25 тыс. бел. руб. у дзень.

 

Трэці спосаб – самы лёгкі: паглядзі навокал – паўсюль на ўсіх слупах можна сустрэць аб’явы аб дадатковым заробку. Часцей за ўсё прапаноўваюць гандляваць. Здараюцца і іншыя прапановы:

 

– Якая ў вас праца? – тэлефануем па адным з паданых у абвестках тэлефонаў.

– Найперш – гэта рэклама прадукцыі. Другі варыянт больш складаны – распаўсюджванне прадукцыі – распавядае наш патэнцыйны працадаўца.

– А які заробак?

– Усё залежыць ад вашага рангу ў бізнесе. Максімальны заробак – гэта 30% ад прыбытку. Пры гэтым вы не ўкладаеце ў бізнес ні капейкі …

 

Можна зарабіць і з дапамогай інтэрнэту.

 

– Мой бізнес заключаецца ў наступным: у інтэрнэце, часцей за ўсё на форумах, я размяшчаю тэмы. Напрыклад, прапаную адшукаць любы фільм ці кампутарную гульню, запісаць на дыск і прадаць вам. Пры гэтым кошт залежыць ад дыска, фільма або гульні.

 

Але тут ёсць і небяспека «нарвацца» на падатковую.

 

Аднойчы ў маёй тэме з’явілася паведамленне: «Куплю 15 дыскаў з …» і далей ідзе пералік фільмаў і гульняў. Я спачатку ўзрадаваўся багатаму ўлову, а потым западозрыў: звычайна купляюць папулярныя гульні альбо навінкі кіно. А тут пералічваліся тыя дыскі, якія ў мяне ёсць у калекцыі (я пісаў пра іх на форуме. Адпаведна яны каштавалі танней, але затое не трэба было пампаваць з Інтэрнэту).

 

Я сказаў пакупніку, што магу прадаць толькі адзін дыск, але ён заявіў, што не хоча адзін і я адмовіўся ад «здзелкі» – распавядае нам Андрэй.

 

Як аказалася, папулярным сярод маладых гарадзенцаў з’яўляецца і яшчэ адзін спосаб пошуку працы.

Вы ідзеце ў любую краму, якая гандлюе мэбляй, дзвярыма, вокнамі і г.д. Пытаецеся там, ці не патрэбныя ім расклейшчыкі рэкламы.

 

Звычайна кошт за адзін аркуш складае 100 рублёў, але ў апошні час ён зніжаецца. А ўсё з-за канкурэнцыі: працадаўца возьме на працу чалавека, якому плаціць трэба менш, і каб вас узялі – вы можаце наўмысна знізіць кошт, за які гатовы працаваць.

 

Некалькі гадоў таму, калі нам самім давялося падзарабляць такім чынам, гэта прывяло да таго, што расклейшчыкі павінны былі ляпіць тысячы лістоў усяго за дзесяць тысяч рублёў.