Жыццё ў кадры фотаапарата
Смешная дзяўчынка з гуллівай умешкай, таямнічы лес глядзяць на нас з фатаграфій і быццам запрашаюць увайсці ў галерэю.
Заходжу. Усе працы хочацца паглядзець як мага хучэй.
Магічны рэпартаж з Кіпра Алены Патэрсан заварожвае. Здаецца, яшчэ хвіліна – і лес зацягне нас у глыбіню.
Класічная музыка дадае каларыту падзеі.
Нічога дзіўнага, што выстава зацікавіла столькі розных людзей: ад гарадзенскіх тынейджэраў да старшыні гарвыканкаму Барыса Казялкова і дэпутата Аляксандра Ласмінскага.
Слова трымае Аляксандр Ласмінскі:
– У гэтую пятніцу ў Маскве адбудзецца выстава гарадзенскіх фатографаў. Нам вельмі прыемна, што нашае супрацоўніцтва так падабаецца людзям у Маскве і Гродна.
– Гарадзенцы вельмі мілыя і ўважлівыя людзі, таму, мне здаецца, нашая выстава выклікала такое зацікаўленне, – кажа адна з аўтарак выстаўленых фотаздымкаў Людміла Зотава.
>
Маскоўскія фотамастакі Дзмітрый Ганчароў, Людміла Зотава і Аляксей Каламіец (зправа).
Прыглядаюся да яе прац і разумею, чаму людзі з такой ахвотай прыйшлі на вернісаж.
Яе пейзажы, здымкі звяроў і падарожныя фатаграфіі найбольш зацікавілі моладзь.
А вось шаснаццацігадовых Іллю ды Сашу вельмі зацікавілі работы Дзмітрыя Ганчарова.
Асабліва – здымак пад назвай «Раніца новага жыцця», які прадстаўляе першы дзень з жыцця насякомага.
– Ён такі рэалістычны, – кажуць школьнікі.
– Нічога дзіўнага, што менавіта гэты здымак так іх зацікавіў – ён заняў першае месца ў конкурсе «Залатая чарапаха». Насякомыя – гэта мая спецыялізацыя, бо я біёлаг, – распавядае мне аўтар работы і з захапленнем распавядае далей пра тое, як з дзяцінства рабіў фатаграфіі, пра тое, як найлепш рабіць здымкі.
Ён жа знаёміць мяне з работамі мастака Аляксея Каламійца.
Гэтага невысокага мужчыну сярэдніх гадоў я заўважыла яшчэ тады, калі ён правяраў, ці яго работы прыгожа выглядваюць здалёк.
Падыходжу, знаёмлюся.
Сп. Аляксей распавядае пра тое, як зрабіў у 1992 г. фатаграфіі чыхуахуа з свайго пітомніка, і з той пары больш ніколі не развітваецца з фотаапаратам, пра свой любімы жанр – партрэт.
– На выставе прадстаўлены две серыі – «Aдзін дзень з жыцця на Паварской» (рэпартажныя здымкі з удзелам ансамблю гістарычнага танцу «Вензелі Aleksandrin», зробленыя ў музеі-сядзібе Дурасавых у Любліно) і «…PRO…», якая распавядае аб усім, што знаходзіцца вакол нас – кажа мастак.
Яго работы выклікаюць у наведвальнікаў непадробны інтарэс.
Цікавая тэхніка апрацоўкі фатаграфіі робіць яе падобнай хутчэй да карціны на халсце.
Аляксея Каламійца можна назваць сучасным паслядоўцам Дэга.
Толькі той перамалёўваў са сваіх фатаграфій, а вось Каламіец навучыўся аб’ядноўваць два сваіх захапленні.
– У жыцці надзвычай важна мець захапленне. Гэта дазваляе чалавеку пераадолець усе цяжкасці, пазнаць сябе і людзей, – кажа на развітанне Дзмітрый Ганчароў.
Фота аўтаркі.