Дзень Незалежнасці, але ці трэцяга ліпеня?
З такім пытаннем звяртаўся сёння да жыхароў і гасцей горада карэспандэнт “Твайго стылю”.
Высветлілася, што святочным гэты дзень лічаць не ўсе.
Лена – турыстка
Я Дзень Незалежнасці заўсёды адзначаю.
Іду з сябрамі ў цэнтр гораду і весялюся.
Дзень, у якім усе людзі атрымалі незалежнасць, мусіць быць дзяржаўным святам і адзначацца ўсімі.
Святлана Валянцінаўна – загадчыца экалагічнага цэнтру пры Гарадзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы
Трэцяга ліпеня – цудоўнае свята.
Я лічу, што гэта сямейнае свята і абавязкова са сваім сынам пайду ў горад – святкаваць з усімі гараджанамі.
А што да свята, дык я думаю, што хоць незалежнасць гэта добра для кожнай краіны, але нельга забывацца пра сяброўства, што існавала паміж нашымі рэспублікамі ў часы Саюзу.
Галоўнае, каб такія ж добрасуседскія адносіны далей захоўваліся паміж нашымі народамі.
align=”left” >Андрэй – студэнт (на здымку)
Хвілінку… Ну, гэта добры дзень. Свята вялікае. Трэцяга ліпеня – гэта Дзень Незалежнасці. Дзень як дзень. Я буду адзначаць гэтае свята з сябрамі, з усімі, каго ведаю, мы будзем святкаваць.
Максім – студэнт
Для мяне асабіста трэцяга ліпеня, гэта сімвалічны дзень, які аб’ядноўвае ўсіх беларусаў. Святкаваць? У душы буду, а афіцыйна, пэўна не. Бо такое свята яно больш асабістае.
Хаця, на афіцыйным узроўні таксама мусіць адзначацца. Бо любое афіцыйнае свята перад усім павінна аб’ядноўваць беларусаў. Але нам трэба ў душы для пачатку аб’яднацца, а потым ужо на афіцыйным узроўні.
Інга – маладая маці
Так, будзем адзначаць.
Гэта добрае свята. Абавязкова з мужам і дзіцём выйдзем у горад.
Паглядзім, што там будзе.
Святочны дзень жа будзе, настрой палепшыць нам.
Гэты дзень падараваў незалежнасць усім людзям, добра жывем, напэўна.
Вадзім Саранчукоў – старшыня гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ
Трэцяга ліпеня – гэта дзень змены акупантаў у горадзе Менску.
Для мяне гэтая падзея ніяк не звязаная з атрыманнем незалежнасці.
Цалкам натуральным днём незалежнасці лічу дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – 25 сакавіка.
Таму, адзначаць трэцяга ліпеня для мяне проста дзіўна.
Аляксей – саветнік юстыцыі
Для мяне гэта не толькі дзяржаўнае свята.
Хутчэй больш асабістае: у мяне дзед загінуў на вайне. Святкаваць буду ў вузкім сямейным коле.
Але можа і наведаем мерапрыемствы ў горадзе.
Андрэй і Святлана з дачкой Машай – работнікі ЖКГ
Дзень Незалежнасці – гэта добрае свята, мы будзем адзначаць яго, але па-свойму: працаваць мы будзем.
Парадак будзем наводзіць, каб у нашым горадзе чыста было і прыгожа.
Таму, не гледзячы на тое, што гэта свята, для нас 3 ліпеня звычайны працоўны дзень.
Пісьменнік Юры Качук з жонкай Ліляй
Для мяне дзень трэцяга ліпеня не можа быць не толькі Днём Незалежнасці – я не лічу яго нават за дзень вызвалення Беларусі ад нямецкіх войскаў.
Хаця б таму, што мая родная Зельва яшчэ была акупаваная. Калі ўжо звязваць Дзень Незалежнасці з вызваленнем ад фашыстаў, то пэўна тады, калі быў вызвалены апошні беларускі горад.
Я адзначаю дзень незалежнасці 25 сакавіка і лічу гэта правільным і натуральным.
Інга і Сяргей – пажылая пара
Праўду кажучы, мы толькі сёння даведаліся пра ўсе гэтыя святочныя мерапрыемствы. Абавязкова пойдзем, мы любім наш горад.
Колькі там яму ўжо год? А, гэта будзе Дзень Незалежнасці, я думала дзень гораду – дзень народзінаў ягоны. Дзень Незалежнасці… мы жывем, здаецца і так заўсёды незалежнымі …