Феадосія – месца пад сонцам

| Без катэгорыі

Клімат тут сапраўды боскі. Вельмі мяккае паветра, на якое ўплываюць мора і горны хрыбет, які прыкрывае Феадосію з паўднёвага захаду.

Блакітныя капрызы

 Мора ў чэрвені было вельмі цёплым. Старажылы кажуць, такім яно не было гадоў дзесяць.

Цэнтральны пляж гораду называецца “Каменні”.

 

Ён цягнецца прыблізна на кіламетр ўздоўж узбярэжнай.

Пляж бясплатны і заўсёды шматлюдны. А з-за работ па паглыбленні дна ў суседнім порце з берагу змыла ўвесь пясок.

Таму давядзецца хадзіць па спецыяльна насыпанай гальцы.

 

>

 

Акрамя таго, у час прыліваў у моры можна трапіць на водараслі і, на жаль, смецце: некаторыя турысты кідаюць яго ў ваду.

Калі хто не жадае ляжаць на гальцы, можна замовіць шэзлонг: каштуе ад пяці грывен (амаль даляр) за гадзіну.

 

У Феадосіі ёсць і пясчаныя пляжы, але яны знаходзяцца крыху далей ад цэнтру гораду: туды можна дабрацца на рэйсавых маршрутках ці пехатой, калі ёсць жаданне.

Тыя тэрыторыі таксама бясплатныя. А для аматараў пляжнага экстрыму будуць цікавымі нудысцкія пляжы – іх некалькі на Усходнім узбярэжжы.

 

Па ўсіх пляжах ходзяць гандляры, якія прапаноўваюць крэветкі, мідзіі, гарачую кукурузу і іншыя прысмакі.

Тое-сее можна браць, але я бы параіў не купляць ежу, у тэрмінах прыдатнасці якой вы не упэўнены. Легка і атруціцца.

 

Хлеба…

  У ліпень аднапакаёвая кватэра “пад ключ” у Феадосіі будзе каштаваць ад 150 грывен за суткі – таней ужо не знойдзеш.

Зразумела, што здаваць жыллё турыстам імкнуцца і жук і жаба. Актыўна дзейнічаюць “развадныя” – людзі, якія прапаноўваюць чужыя кватэры пад арэнду на час адпачынку і за гэта атрымліваюць свае адсоткі ад уладальнікаў жылля за “рэкламу”.

Існуе магчымасць трапіць на недобрасумленных уладароў кватэр, але тут як пашанцуе.

 

З харчаваннем не павінна быць аніякіх праблем. Хапае як танных сталовак, дзе можна нядрэнна паесці за тры-чатыры даляры, так і дарагіх кабакоў.

Вам прапануюць грузінскую, армянскую, кітайскую кухні і шмат чаго яшчэ, у тым ліку – кальян-бары. Вельмі папулярныя піцы – іх прапаноўваюць дзесяткамі відаў ці не ў кожным другім рэстаране.

 

Вядома ж, багаты асартымент дароў мора – мідыі, крэветкі, рапаны. Іх падаюць і ў салатках, і як самастойныя закускі.

На кожным закутку можна купіць марожанае: шмат і разнастайных відаў.

Не хачу абражаць беларускіх малочных вытворцаў, але, на мой погляд, украінскае значна смачнейшае.

 

Працуюць два прадуктовыя рынкі, ёсць супермаркет. Кілаграм вішняў будзе каштаваць каля 10-12 грывен, столькі ж – дыні, абрыкосы і другія фрукты па сезоне.

 

 

Асаблівая тэма – спіртное. Пляшка віна знакамітай “Масандры” каштуе ад 20 грывен (менш за 3 даляры).

“Чарніл” і “балбанэса” дарэчы, я не бачыў. Калі гарэлка – то гарэлка, а не разбаўлены невядома чым спірт.

Піва смачнае, спадабаецца нават тым, хто яго не любіць. І яно пахне соладам.

На жаль, дзейнічае абмежаванне на вываз спіртнога з Украіны – толькі два літры. Зразумела, гэтага не хапае.

 

Транспарт ходзіць даволі часта. Апошнія гады маршруткі а-ля “Газелі” зніклі, іх месца занялі невялікія аўтобусы. Цікава, што квіток каштуе як у таксі. Самае вялікае – каля дзвюх грывен, прыблізна як і талончык у гарадзенскім аўтобусе.

 

… і відовішчаў

Побач з цэнтральнай узбярэжнай ёсць парк атракцыёнаў на любы густ.

Тут вам і амерыканскія горкі некалькіх відаў, і лебедзі, і картадром, і дзіцячыя паравозікі.

Адзін з самых захапляльных атракцыёнаў – катапульта, каштуе ад 60 да 100 грывен.

Падобна да роўп-джампінгу, толькі наадварот: чалавека выстрэльвае ўверх і куляе ў паветры. Падыходзіць не для кожнага, бо патрэбна мець нармальнае самаадчуванне і моцны вестыбулярны апарат.

 

Аматары вакалу могуць за 20 грывен заказаць песню ў караоке.

Навакольныя турысты заціскалі вушы, калі гарадзенскія хлопцы пасля некалькіх бляшанак піва разам спявалі “На полі танкі грукаталі”. Спявалі так, што эстрадным зоркам і не снілася!

 

Асілкам за тыя ж 20 грывен прапануюць ударыць электронную баксёрскую грушу, якая пакажа сілу вашага ўдару.

 

Ёсць нават вымяральнік… пачуццёвасці. Электронны прыбор на руцэ, штосьці кшталту напульсніка, вызначыць, які вы па-свайму эратычнаму тэмпераменту: няўмелы стажор ці сэкс-волат.

 

Шарлатанства, вядома, але забаўляльнае.

 

Ёсць у Феадосіі і розныя водныя атракцыёны. Напрыклад, прагулка на “банане” будзе каштаваць каля 30 грывен за прыблізна пяць хвілін. Таксама можна браць у пракат водны скутэр за той жа кошт.

Каля сотні грывен будзе каштаваць марская прагулка ў Кактэбель даўжынею у пяць гадзін.

Між іншым, у ліпені Феадосію напоўняць яхтсмэны – там будзе праводзіцца парусная рэгата “Марское брацтва”.

 

Таксама раю паспрабаваць паветранае плаванне – параплан чапляюць да лодкі, і вы ляціце па небу супраць паветранай плыні.

 

А ў Кактэбелі, непадалек ад Феадосіі, вельмі спрыяльныя ўмовы для скачкоў з парашутам і катання на дэльтапланах. Каштуе гэта прыблізна некалькі соцен грывен.

За некалькі ўкраінскіх соцен таксама можна на кароткі час стаць дайверам. Мясцінаў для падводных прагулак на Усходнім узбярэжжы хапае.

 

Аматарам аўтамабіляў за 300-400 грывен за некалькі гадзін прапануюць амаль афрыканскае сафары на джыпах.

 

Прыхільнікам дыскатэк абавязкова раю наведаць начны клуб – Beach Club 117 – лепшае забаўляльнае месца на ўсходнім узбярэжжы Крыму. Кошты там не вельмі танныя – ад 50 до 100 грывен толькі за ўваход, але яно таго вартае.

Акрамя таго, у ліпені на феадасійскіх дыскатэках пачынаецца сезон так званых “пенных” вечарын – з дапамогай спецыяльнай машыны танцпол напаўняецца пенай з мыльных бурбалак. Для закаханых парачак такія танцы стануць лепшым афразадыякам.

 

Адной з галоўных культурных адметнасцяў горада з’яўляецца музей славутага марыніста Івана Айвазоўскага.

 

За 40 грывен можна паглядзець каля некалькі соцен малюнкаў на марскую тэматыку самога Айвазоўскага і яшчэ некалькі тысяч марынісцкіх пейзажаў другіх мастакоў.

 

Для нумізматаў таксама будзе цікавым музей…. грошай.

У самой Феадосіі манеты пачалі чаканіць яшчэ да нашай эры і музей адлюстроўвае шматвяковую гісторыю вырабу і руху грошай.

 

Дарэчы, іх у Феадосіі выдаткоўваць вельмі і вельмі прыемна.

 

Фота аўтара