У маёй смерці прашу вінаваціць маё жыццё

|

Штогод такім чынам зыходзіць з жыцця каля 3 тысяч жыхароў краіны…

 

У канцы чэрвеня ў Слоніме міліцыянты і супрацоўнікі міністэрства па надзвычайных становішчах ратавалі жыццё хлопца, які збіраўся скокнуць з пяціпавярховага дома.

>

Юнак крычаў з даху, што скокне на мінакоў. Перамовы плёны не далі і міліцыі давялося цішком узняцца на дах ды скруціць чалавека.

 

Задумалася. Становіцца страшна: што можа падштурхнуць чалавека пайсці на такі жудасны крок?

І чаму менавіта ў нашай краіне гэтае пытанне стаіць так востра?

 

Шукаю адказы ў інтэрнэце: калі праўда, у глабальнай сетцы змяшчаецца шмат інфармацыі самага рознага толку адносна суіцыдаў.

Ад таго, якім шляхам лягчэй растацца са сваім жыццём, да сайтаў, дзе псіхолагі ўпрошваюць самагубцу спыніцца і падумаць.

Нават знайшла дапаможнік самазабойцы.

Цытую:

– Калі адчуваеш сябе лішнім у гэтым свеце – забі сябе.

– Не можыш нічога стварыць – забі сябе.

– Ты слабы – забі сябе.

– Яна цябе не кахае. Разумею – забі сябе.

– Хочыш нешта пакінуць пасля сябе? – забі сябе.

– Ты круты. Ты кароль. Ты бог. Як табе павінна быць сумна! –забі сябе…

 

І далей яшчэ горш. Н-да, некалькі прыгнятальна. Пры гэтым далей апісваюцца спосабы, як зыйсці з жыцця.

Самагубства апісваецца як нешта вельмі звычайнае – усё роўна, што ў краму схадзіць.

 

Навошта людзі такое пішуць? Такое напэўна мае пад сабой нейкую мэту. Бяру газету, гляджу тэлепраграму.

 

Ага, трылер “Жыццё ў пазыку”, серыял “Пастка”, вострасюжэтны фільм “Часткі цела”, яшчэ серыялы “Аднаразовыя людзі”, “Свет дрэнных”, “Бесталковыя”, стужка “Адчужэнне”, “Апошняя ноч”, “У адно адзінае жыццё”, “Узброены і асабліва небяспечны”, “Скачок з даху” і г.д.

І гэта праграма толькі на адзін дзень!

 

Ствараецца ўражанне, што сярод грамадства нагнятаецца істэрыя нейкага жывёльнага страху і жорсткасці. Пакутуюць ад гэтага самыя неабароненыя ў псіхілагічным плане людзі, у першую чаргу падлеткі.

 

Таму не дзіўна, што менавіта сярод моладзі назіраецца найбольшая колькасць самагубстваў – 75%.

 

Зноў лезу ў інтэрнэт. Пачытала шмат каментароў розных псіхолагаў наконт прычын суіцыдаў.

Думаю, кожны з вас прыкладна іх ведае: адзінота, нежаданне ці немагчымасць рэалізаваць сябе ў жыцці, непадзеленае каханне, пазёрства, якое выпадкова сканчаецца смерцю і г.д.

 

Але, думаю, ніхто лепей не раскажа пра гэта, чым тыя людзі, якія калісьці спрабавалі скончыць жыццё самагубствам, ці тыя, хто схільны да гэтага.

 

Раю нікому не рабіць тое, што зрабіла я. Амаль усю ноч пралазіла па “спецыялізаваных” форумах і сайтах для самагубцаў, знайшла шмат меркаванняў наконт гэтага пытання, паперапісвалася з людзьмі, якія хочуць зыйсці з жыцця… Напружвае…. Але пра ўсё па-парадку.

 

Заходжу на адзін сайт, рэгіструюся. Тут мяне пераконваюць, што маё жыццё – толькі ў маіх руках і толькі за мной выбар, што рабіць далей. Добра, пераканалі.

 

Заходжу на форум. Ага, песімісты ўсіх краін, аб’ядноўваемся!

– Сёння прачнуўся раніцай, прыняў душ і зразумеў, што зусім не хачу болей жыць.

– Дай сілы паставіць кропку.

– Цяжка вяртацца да жыцця, калі ты ўжо мёртвы…

– Літаральна сілай застаўляю сябе кантактаваць з гэтым светам.

 

Народ, гэта ўжо перабор! Хаця ёсць і тыя, хто шукае выйсце:

– Хачу знайсці нагоды для жыцця!

– На вуліцы класнае надвор’е – сёння можна жыць.

 

Чытаючы гэтых людзей, спрабуючы пагаварыць з імі, пачынаю адчуваць, наколькі вялікі іх свет адзіноты, наколькі некаторыя з іх расчараваныя ў жыцці.

 

Тут яны шукаюць дапамогі, тут у іх аднолькавыя праблемы, якія яны могуць абмеркаваць і, магчыма, знайсці выйсце.

 

Перапісваюся з Аляксандрам, 22 гады.

– “Ведаеш, – піша ён, – некаторыя людзі проста гуляюць у самагубства, можа, каб надаць сабе значнасці, а я аднойчы па-сур’ёзнаму спрабаваў зыйсці з жыцця.

 

Пашанцавала. Паспелі. Адкачалі. І ніякая гэта не смеласць, як гавораць некаторыя. І не трэба рабіць з самагубцаў герояў. Прыдуркі яны ўсе. Я таксама быў такім жа”.

 

На іншым сайце знайшла дзяўчыну, якая смяротна хворая і кожны дзень жыцця для яе – сапраўднае выпрабаванне болем.

“Я якраз шукала інфармацыю, якую дазіроўку лекаў трэба прыняць, каб дакладна не адкачалі, – піша яна.

– Мне проста надакучыла караскацца, трымацца за гэты свет, тым больш, што маім родным гэта не прыносіць ніякага шчасця. Толькі боль і смутак.

Вы ніколі не зразумееце, чаму чалавек хоча проста зыйсці, бо ніколі не былі на яго месцы, ніколі не адчувалі тое, што адчувае ён.

Таму не трэба нікога абвінавачваць. У любым выпадку гэта выбар кожнага. Выбар чалавека. Дурны ці мудры, абгрунтаваны ці не, адважны ці баязлівы, але гэта выбар”.

 

Мы вельмі доўга перапісваліся, амаль да ранку. Яна так і не сказала, як яе завуць…

І думаю, што мы з ёй больш ніколі не сустрэнемся ў прасторах глабальнага павуціння.

У такіх выпадках я яшчэ магу зразумець чалавека, які вырашыў здзейсніць такі цяжкі грэх, але ў іншых…

 

Зазірнула на гарадзенскі форум. Існавала там «галінка», дзе абмяркоўваліся самазабойцы і стаўленне да іх іншых людзей.

Калі праўда, было проста моташна чытаць тое, што пішуць людзі.

Некаторыя ўсё пагражалі, што скончаць жыццё самагубствам, а астатнія адкрыта «сцяўбліся» над імі.

Навошта гэтае пазёрства? І чаму людзі сталі такія жорсткія? Няўжо жыццё і смерць сталі цяпер чымсьці звычайным, некаштоўным, што можна так проста вымяняць на словы?

Не ведаючы жыцця, яны спрабуюць спазнаць смерць. Наколькі гэта ўсё недарэчна!

 

І чаму зусім маладыя людзі, яшчэ дзеці, так імкнуцца пакінуць гэты свет? Хто што тут можа даказаць? А ісці на смерць з-за няшчаснага кахання – мяне гэта ўвогуле раз’юшвае!

 

У жыцці могуць адбывацца розныя падзеі, і часам яны вельмі балючыя – як фізічна, так і душэўна.

 

Як па мне, то трэба быць вельмі слабым чалавекам, каб рашыцца на самагубства.

Гэта зусім не смеласць, не праява сваёй свабоды ці волі. Гэта проста глупота…

 

…Калі твая краіна займае лідыруючыя пазіцыі ў такім жудасным рэйтынгу, у галаву прыходзяць смутныя думкі: нешта не тое адбываецца з духоўным станам нашага грамадства.

 

Фота: “Газета Слонімская”