Маладзейшым за 21 год алкаголь прадаваць не будуць?

 Мы выступаем з ініцыятывай павысіць узрост, калі можна купляць алкаголь, да 21 года. Праект гэтага дакумента знаходзіцца зараз на разглядзе і, я думаю, будзе прыняты, – цытуе Аляксея Аляксандрава Белта.
 

Галоўны нарколаг лічыць, што ў такой справе неабходна цеснае супрацоўніцтва самых розных структур. Акрамя павышэння ўзросту, з якога можна будзе набыць алкаголь, Міністэрства аховы здароўя збіраецца ўсталяваць забарону ці хаця б абмежаванне на ракламу піва і слабаалкагольных напояў.

Сп. Аляксандраў адзначыў, што больш за палову рэкламнага часу ў вечаровым эфіры займае раклама піва. Навуковыя даследаванні даказалі, што алкагалізацыя моладзі наўпрост звязаная з рэкламай на тэлебачанні, перадусім піва. Досвед жа шэрагу краін паказвае, што яе забарона пазітыўна ўплывае на здароўе маладога пакалення.

Па дадзеных даследванняў Мінздраву ўзровень спажывання алкаголю ў Беларусі склаў 12.4 літры на чалавека. Згодна з рэкамендацыямі Сусветнай Арганізацыі Аховы Здароўя, гэта лімітавыя лічбы.

Алкагольную залежнасць у Беларусі маюць каля 4% насельніцтва. Пад назіраннем нарколагаў у мінулым годзе знаходзілася 181 тысяча чалавек. Больш за чвэрць з іх – ва ўзросце да 30 год.