Святкаванне вызвалення Гродна ад фашысцкіх захопнікаў

А дзевятай ранку адбудзецца ўскладанне кветак і традыцыйныя мітынгі каля помнікаў і месцаў пахавання. Галоўны мітынг рыхтуецца ў цэнтральным парку Жылібера, тут жа цягам дня будзе зарганізаваная выстава-продаж вырабаў мясцовых умельцаў “Горад майстроў”. Увечары чакаюцца святочна-забаўляльныя мерапрыемствы – для гродзенцаў праспяваюць гурты J:Морс, “Город 312”.

 

Габрэйская абшчына таксама падрыхтавала праграму святкавання вызвалення Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па словах старшыні гродзенскай габрэйскай супольнасці Алены Кунцевіч, галоўную частку падрыхтавалі дзеці, якія зараз адпачываюць на арганізаваным габрэйскай супольнасцю летніку. Яны праспяваюць песні ваенных гадоў, зачытаюць літаратурныя творы на тэму вайны. Вэтераны будуць успамінаць пра вызваленне Гродна і Беларусі. Падчас мерапрыемства прысутныя паслухаюць гісторыі аб жахлівым жыцці ў гродзенскім гета ад відавочцаў.

 

У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі існавала больш чым 100 гетта, на Гродзеншчыне самым вялікім было гета ў Гродне, горадзе, дзе перад вайной пражывала каля 42% габрэяў. Жыхары гетта накіроўваліся на прымусовую працу альбо ў лагеры смерці. Пакуль не вызначаная дакладная колькасць загінулых беларускіх габрэяў.

Здымак Жэні Здановіча