У Прырэччы буслоў больш, чым вяскоўцаў
У такой ціхай і зялёнай вёсцы даўно не даводзілася бываць.
Вёска стаіць убаку ад усіх дарог. Зрэдку летам па яе вузкай вуліцы нехта праедзе на машыне. Амаль усе хаты пустыя.
Праўда, некаторыя дамы купілі дачнікі са Слоніму і Мінску. Але яны бываюць у вёсцы толькі летам.
Навокал стаіць цішыня, якая проста закалыхвае і зачароўвае. Толькі чуваць, як стукаюць дзюбамі буслы. Буслоў у Прырэччы шмат. Мы не бачылі яшчэ на Слонімшчыне вёскі, дзе было б столькі бусліных гнёздаў.
Яны знаходзяцца амаль на кожным слупе, на хатах, на дрэвах. У кожным гняздзе цішынёй і чыстым паветрам дыхаюць шчаслівыя буслы і бусляняты.
Гледзячы на гэтае буслінае шчасце, прыгадваліся аграгарадкі са сваім нейкім апустошваннем і абыякавасцю. А вось тут — хараство і раскоша.
Але ў Прырэччы буслоў больш, чым людзей. Мы доўга хадзілі па вёсцы, пакуль сустрэлі чалавека на адным з панадворкаў.
>
— Мяне завуць Барыс, — сказаў мужчына і працягваў чысціць рыбу ў тазіку, якую надоечы налавіў у Старыцы.
— Вы тут жывяце?
— Не, я прыязджаю толькі на лета. Тут жылі мае бацькі, а цяпер хаты пустуюць. Таму адпачываць я заўсёды прыязджаю ў Прырэчча. А жыву ў Расіі, у Цюмені.
— Дык вам тут сумна аднаму.
— Ды не. Чалавек дзесяць яшчэ жыве ў вёсцы. Амаль усе пенсіянеры. Дачнікі прыязджаюць, так што летам тут адпачываць добра.
— Значыць, буслоў у вёсцы больш, чым людзей?
— Так. Буслоў дзесьці каля паўсотні, а людзей мала.
— А чым вы цэлымі днямі займаецеся?
— На рыбалку хаджу. Агародзік даглядаю. Сам сабе знаходжу працу.
— А чым вы харчуецеся?
— Аўталаўка прыязджае ў вёску, дзе я і вяскоўцы купляем прадукты. Прадукты зберагаю ў халадзільніку.
Купіў сабе нядаўна мінскі халадзільнік “Атлант”, дык дзіву даўся. Ён у Беларусі ў два разы даражэйшы, чым у Цюмені. Не разумею беларускай эканомікі.
— А па суседстве хто з вамі жыве, дом больш-менш дагледжаны?
— З Мінску чалавек купіў сабе гэту хату. Але нядаўна ў дом заляцела шаравая маланка. Праўда, хату не спаліла, толькі ўнутры нашкодзіла. Цяпер мінчук нешта баіцца сюды ехаць.
Калі мы развітваліся з Барысам, над вёскай закружылі некалькі буслоў. Магчыма ім не спадабаўся візіт у вёску журналістаў, якія парушылі ліпеньскую цішыню і спакой.
У Гродзенскай вобласці сёння пустуе больш за 25 тысяч дамоў, з іх 7 тысяч — старых і 4 тысячы — у аварыйным стане.
Сяргей Чыгрын, “Газета Слонімская”