У ВНУ хутка не застанецца маладых выкладчыкаў

Прэстыж выкладчыцкай дзейнасці падае. У ВНУ ўжо адчулі недахоп маладых спецыялістаў. Хто ж будзе далей вучыць студэнтаў?

 

– У апошнія два гады мы з цяжкасцю набіраем аспірантаў, а ў Мінску ў некаторых ВНУ ёсць нават недабор, –  паскардзіўся на нядаўняй сустрэчы з выпускнікамі ВНУ міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

 

Заклапочанасць міністра падзяляюць і эксперты. Прафесар кафедры нацыянальнай эканомікі і дзяржаўнага кіравання Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту Ніна Богдан канстатуе, што Беларусь істотна адстае па такім важным паказчыку еўрапейскага інавацыйнага табло, як выпуск аспірантаў і дактарантаў у разліку на тысячу чалавек насельніцтва ва ўзросце 25–34 гадоў.

–  У апошнія гады доля выпускнікоў ВНУ, якія ідуць у навуку, скарачаецца. Адукацыя з пункту гледжання атрымання ступені кандыдата або доктара навук становіцца непрэстыжнай, –  з горыччу адзначае прафесар.

Сярэдняя эфектыўнасць аспірантуры ў Нацыянальнай акадэміі навук 6%, а па Міністэрству адукацыі 4% –  такія суадносіны штогадовай колькасці аспірантаў, якія абаранілі дысертацыі ў тэрмін, і агульнай колькасці аспірантаў–выпускнікоў.

Фактычна моладзь не зацікаўленая ў тым, каб ісці працаваць у ВНУ. Выкладчыкі наогул атрымліваюць мала, а маладыя выкладчыкі –  яшчэ менш –  заўважае былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Ўладзімір Дунаеў.

 

Па дадзеных Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, заробак маладога выкладчыка ВНУ складае каля 455 000 рублёў.

 

Абарона без дазволу ВАК не сапраўдная

Акрамя непрэстыжнасці выкладчыцкай працы, на думку Ўладзіміра Дунаева, на нізкай эфектыўнасці беларускай аспірантуры адбіваецца недасканаласць сістэмы абароны дысертацый.

–  Яна з’яўляецца выклікам нормам акадэмічных свабодаў, –  лічыць эксперт.

–  У сусветнай практыцы навуковая ступень прысвойваецца канкрэтным універсітэтам. У Беларусі частку дысертацый, якія прайшлі вучоны савет у ВНУ, адкідае Вышэйшая атэстацыйная камісія. Нярэдка, асабліва ў галіне сацыяльна-гуманітарных навук, ВАК навязвае крытэрыі ацэнкі, якія носяць не навуковы, а палітычны характар.

Беларусы, да таго ж, пазбаўленыя магчымасці без дазволу Вышэйшай атэстацыйнай камісіі абараняць дысертацыі за мяжой, уключаючы Расію, з якой існуе адзіная адукацыйная прастора. А калі хтосьці абараніцца без дазволу, яго навуковая ступень у Беларусі не залічваецца.

 

Студэнт, які скончыў беларускую ВНУ і атрымаў доктарскую ступень за мяжой, па вяртанні ў Беларусь, павінен сваю дысертацыю перакласці, прадставіць у савет па абароне ўніверсітэту, абараніць яе наноў, потым адправіць дакументы ў Вышэйшую атэстацыйную камісію, якая будзе вырашаць, прысуджаць яму ступень кандыдата навук ці не.

 

Кіраўнік Даследчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і менеджменту Ігар Пеліпась называе дастаткова дзіўнай сітуацыю, калі навуковая праца, больш якасная, чым кандыдацкая дысертацыя, абароненая ў Беларусі, не прызнаецца.  

–  Я не думаю, што эканаміст, які мае публікацыі ў заходніх навуковых часопісах сярэдняга ўзроўню, захоча вярнуцца і працаваць у БДЭУ або ў БДУ. Такога чалавека многія палічылі б не зусім адэкватным, –  заўважае эксперт.

Хто ж будзе вучыць студэнтаў?

Прафесар Ніна Богдан называе тэндэнцыю зніжэння якасці педагагічнага складу ВНУ ненармальнай. Яе непакоіць пытанне: хто ж будзе вучыць студэнтаў, калі няма конкурсу ў аспірантуру?

Між тым, выпускнік Беларускага эканамічнага ўніверсітэту Алег Цывінскі, які атрымаў ступень доктара эканомікі ва Універсітэце Мінесоты, лічыць цалкам нармальнай ідэю вяртання інтэлекту на радзіму.

–  Час спыніць адток навуковых эканамічных кадраў з Беларусі і стварыць магчымасці для развіцця беларускай эканамічнай навукі, якая па некаторых галінах ведаў спынілася на пазіцыях паўвекавой даўніны, – кажа сп. Цывінскі.

Спецыялісты, на яго думку, могуць не вяртацца назаўсёды, але ўдзельнічаць у адукацыйных працэсах у краіне, ствараючы альтэрнатыўныя структуры.

 

Беларусы, якія вучацца на доктарскіх праграмах у сферы эканамічнай навукі, скончылі іх і працуюць прафесарамі за мяжой, ужо ствараюць пляцоўку для даследавання эканомікі Беларусі і навучання беларусаў асновам сучаснай эканамічнай думкі на ўзроўні вядучых міжнародных універсітэтаў.

 

У свеце ёсць такія прэцэдэнты – Універсітэт Баконі ў Італіі, напрыклад, у які вярнуліся італьянцы з «топавых» амерыканскіх універсітэтаў альбо Расійская эканамічная школа ў Маскве.

Уладзіслаў Пратаскін, «Заўтра тваёй краіны».

Пераклад на беларускую мову: В. Дрэма