Жыццё і гісторыя, адлюстраваныя ў марках

|

Цэнтрам беларускіх філатэлістаў лічыць Гародню Фрэдэрык Гушча – арганізатар выставы марак, якая ўчора адкрылася ў галерэі на вул.Тызенгаўза,4.


Нягледзячы на тое, што на выставе прадстаўлена толькі невялікая частка калекцыяў гарадзенскіх аматараў марак, людзей на адкрыццё выставы сабралася багата.

Імпрэза распачалася з уручэння ўзнагароды Мікалаю Быхаўцу, які быў адзначаны срэбнай ўзнагародай у польскім горадзе Карліно за сваю калекцыю марак «Спадчына».

Калекцыя адлюстроўвае гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага Княства.

Маркі я збіраю ўжо даўно, таму мне было вельмі прыемна, што праца была ацэненая – кажа сп. Мікалай. – Мы кожны год стараемся ладзіць выставы, каб паказаць людзям, як гэта прыгожа.

На штотыднёвых сустрэчах мы размаўляем пра нашую дзейнасць, выбіраем работы для чарговых конкурсаў і выставаў.

Многія з нас калекцыянуюць маркі з дзяцінства. У іх запісана жыццё і гісторыя нашага народа.

Вось і сёння калекцыянеры могуць купіць марку прысведчаную 600-годдзю бітвы пад Грунвальдам – распавядае сп. Гушча.

За маркай, прысвечанай Грунвальду, адразу ўтварылася чарга.

Але не трэба хвалявацца, калі вы не паспелі яе купіць – гэта можна зрабіць у час наведвання другой часткі выставы, на якой побач з маркамі з’явяцца яшчэ і манеты.

Афіцыйнае яе адкрыццё запланавана на 20 ліпеня ў залі на вул. Ажэшкі, 38.

Наведаць выставу ўжо паабяцалі польскі і літоўскі консулы ў Гародні.

На фота: Арганізатар выставы Фрэдэрык Гушча.

Фота Каці Стасевіч