Калі на сценах заквітаюць палі
Вядома, многіх задавальняюць сціплыя рамачкі на сценах кватэры і пейзажы невядомых мастакоў у перадпакоі… Але я расчаравана ківала галавой у новых мэблевых крамах і адправілася на пошукі экстравагантных рашэнняў.
І раптам рашэнне само прыплыло ў рукі. У Інтэрнеце я натрапіла на слова “барэльеф” і знайшла ў Гродне чалавека, які займаецца гэтакім цудоўным мастацтвам. Мастака, майстра тату і, як выявілася, скульптара, завуць Канстанцін Борын. І новым для Беларусі накірункам ён займаецца ўжо пяць гадоў.
align=”left” alt=” ” sub=” ” >- Якія матэрыялы вы выкарыстоўваеце для стварэння барэльефа?
– У падставе ўсяго – гіпс, які і запаўняе ўсю будучую прастору, якую я маю для працы. Гіпс дае аб’ём, з якога потым, калі ён высыхае, я раблю формы і элементы. Калі першыя формы гатовыя – справа даходзіць да выразкі дробных дэталяў. І вось тады пачынаецца самая карпатлівая праца: трэба надаць барэльефу жыццё, зрабіць яго не проста кавалачкамі будаўнічых матэрыялаў, а творам мастацтва, карцінай.
– Дзе людзі часцей за ўсё вырашаюць змяніць інтэр’ер з дапамогай аб’ёмных карцін?
– Звычайна мне прыходзіцца працаваць у гасціных, залах і калідорах. Людзі выбіраюць пад барэльефы той пакой, у якім будзе больш гасцей, перад якімі можна пахваліцца. Такі ўжо ў нас тэмперамент – хочацца быць індывідуалістамі і паказаць усім штосьці асаблівае, новае.
– Косця, а што часцей за ўсё хочуць бачыць людзі? Кветкі, пейзажы, можа быць абстракцыю?
– Так, большасць хоча кветкі. Часам я прапаную нейкія новыя рашэнні, паказваю людзям эскізы і ў выніку мы знаходзім кампраміс, часам чалавек цалкам спадзяецца на мае малюнкі, але часцей гаспадары ўжо маюць нейкую ідэю.
Мне ўсміхнулася ўдача, і я магла прысутнічаць на аб’екце акурат падчас працы над кампазіцыяй з чаплямі. Памер барэльефа, стварэнне якога я бачыла на свае вочы, складаў прыкладна 2 квадратных метры.
– Колькі часу трэба на стварэнне кампазіцыі такога памеру?
– Мяркую, праца над гэтым барэльефам зойме каля 5 дзён. Першыя два дня гэта будзе выглядаць груба і незразумела. Затым пачну абразаць падсохлы гіпс, адточваць дробныя дэталі. Гэта яшчэ 2 дня. Ну а ўжо потым карціне наканавана набыць колер. Часцей за ўсё, вядома, гэта не звычайнае размалёўванне ў разнастайныя колеры, а накладанне фарбы залатых і срэбных колераў. Але, як гаварыцца, на тое і гаспадар, і калі кліентаў штосьці не задавальняе – буду карэктаваць барэльеф пад іх жаданне.
– Косця, а ці былі выпадкі, калі людзі былі расчараваныя выкананай працай?
– У маёй практыцы – не. Ніколі такога не было, каб прасілі нешта перарабіць ці паправіць. Але як правіла людзі вельмі баяцца ўбачыць штосьці падобнае ў сваіх суседзяў.
Паглядзеўшы ўласнымі вачыма на стварэнне такога тыпу ўпрыгожання інтэр’еру можна прагназаваць, што мастацтва барэльефу ўзыйдзе на сваю вяршыню ў нашай краіне. І асабіста ў сябе ў кватэры я прызначу месца для невялікай і вытанчанай аздобы.
Фота аўтаркі