З калачыкам ад дзвярэй да дзвярэй

|

На пачатку ХХ стагоддзя ўсё пачыналася з заляцанняў – бацькі дзяўчыны пагаджаліся на яе сустрэчы з хлопцам: шпацыры ці забавы, разлічваючы на хуткую шлюбную прапанову. Чакалі, каб хлопец як мага хутчэй абвесціў пра свае намеры. У іншым выпадку яны выказвалі незадаволенасць.

 

У міжваенны час маладзёны з вялікай пашанай ставіліся як да сваёй дзяўчыны, так і да яе бацькоў. Згодна з традыцыяй вяселле павінна адбыцца на працягу года, каб бацькі не перадумалі, палічыўшы хлапца безадказным. Надыходзіў вельмі важны момант шлюбнай прапановы. Дзяўчына, хлопец і іх бацькі сустракаліся і дамаўляліся наконт даты вяселля.

 

Адна з самых вядомых сілезійскіх традыцый гэта «Polterabend» (шумны вечар). Гэтае слова паходзіць з нямецкай мовы і азначае шум – Polter і вечар – Abend. Яна захоўваецца таксама на Памор’і. Знаёмыя і суседзі прыязджалі пад дом нявесты ў вечар перад шлюбам і разбівалі шкло. Жанчына павінна яго прыбраць, інакш гэта магло прынесці ёй няшчасце. Яна частавала гасцей гарэлкай і калачом. Усе спявалі і крычалі, каб адпужаць злых духаў.

alt=”Сцэна са спектаклю ‘Cholonek czyli dobry Pan Bóg z gliny'” sub=”Сцэна са спектаклю ‘Cholonek czyli dobry Pan Bóg z gliny'” >

Бласлаўленне бацькоў – самы важны і хвалюючы момант, які адбываецца перад шлюбам. У мінулым стагоддзі цырымонія мела акрэсленыя правілы і праходзіла згодна з вызначаным сцэнарам. Яна распачыналася за сталом (гэтак званыя «obrzędy zastolne»). Бацькі і старасты сядзелі ля стала, на якім знаходзіліся крыж, асвячоная вада, хлеб і соль. Нявеста развітвалася з домам і, згодна са звычаем, не хацела падысці да стала, які быў сімвалам прывязанасці да сямейнага дома. Потым маладая цалавала рукі бацькоў і ўсе разам маліліся.

 

Забабоны таксама адыгрывалі вялікую ролю у час вясельнай цырымоніі. У семідзесятыя гады ХХ стагоддзя шмат з іх датычыла даты шлюбу. Ён не павінен адбывацца ў траўні ды лістападзе, а таксама не ў пятніцу і не 13-га, гэты дзень месяца лічыцца няўдачлівым. Гэтыя забабоны вядомыя і сёння. Сярод іх самым папулярным з’яўляецца той, які сцвярджае, што малады перад шлюбам не павінен бачыць сваёй будучай жонкі ў шлюбным адзенні. Шчасце прынясе, напэўна, шлюб, заключаны ў месяцы, у назве якога няма літары «р» – ні ў якім выпадку нельга жаніцца ў траўні!

 

Маладая не павінна забыцца пра тое, каб у дзень вяселля апрануць штосьці старое (што забяспечвае лаяльнасць блізкіх), новае (яно ўплывае на дабрабыт маладых), пазычанае (што азначае сімпатыю новай сям’і) ды блакітнае (часцей за ўсё гэта падвязка, якая сімвалізуе будучае патомства). Гэты спіс павялічваецца, калі дадаць кавалак хлеба, рафінад і дробную манету ў туфлі, якія павінны забяспечыць дастатак.

І на канец, традыцыя раздачы вясельнага калача – пірага на дражджах з творагам ці макам. Ён ахвяруецца членам сям’і, гасцям і знаёмым. Калі гэта першае вяселле ў сям’і, калачом частуюць таксама тых, ад каго яго атрымлівалі раней.

 

Сёння маладыя па-рознаму ставяцца да вясельных абрадаў. Самымі важнымі лічацца шлюбная прапанова і бласлаўленне бацькоў. Рэдка калі захоўваецца традыцыя вясельнай світы і раздачы калачоў. Гэта можна патлумачыць слабым кантактам з суседзямі. «Не хачу раздаваць калачоў. Няёмка грукаць да дзвярэй тых, з кім увогуле не размаўляю, даваць ім калач і чакаць нечага за гэта», – кажа жыхар сілезійскага гораду.

 

Не гледзячы на такія каментары, вясельныя абрады ў Сілезіі дагэтуль адыгрываюць вялікую ролю і надоўга застанууцца ў жыцці яе жыхароў.