Адраджаючы прыдворную культуру

З прыдворнымі танцамі Cracovia Danza аб’ездзіла ледзь не паў свету: Францыя, Японія, Гішпанія, Грэцыя, Кітай і шмат якія іншыя краіны. Пашанцавала ўбачыць высокапрафесійную харэаграфію і беларусам – кракавянаў запрасілі выступіць на наваградскі фэст сярэднявечнай культуры. Кіраўнічка ансамблю, танцор і харэограф Рамана Анель распавяла, што на Гарадзеншчыне балет выступае не ўпершыню – раней ладзіліся спектаклі ў Лідзе, былі таксама і ў Мінску. А ў Наваградак прыехалі ўпершыню.

 

«У нас усталяваліся даволі цесныя кантакты з беларускім бокам, асабліва са спрадаром Міхалам Міхнюком, які запрашае нас на свае мерапрыемствы. Цудоўна, што адраджаецца гістарычная памяць, мы радыя, што і тут святкуецца 600 годдзе грунвальдскай бітвы, важнай для ўсёй Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Цешымся, што нас запрасілі сюды і мы можам выступаць як прадстаўнікі Польшчы».

 

У рэпертуары Cracovia Danza спектаклі, звязаныя з традыцыяй і гісторыяй Кракава, Польшчы, еўрапейскія прыдворныя танцы, а таксама больш сучасныя пастаноўкі – танцы дваццатых, трыццатых гадоў. Адкуль узнікла ідэя стварыць ансамбль такога музычнага кірунку?

 

«Ідэя ўзнікла падчас маёй шматгадовай працы ў Францыі, дзе пэўны час займалася пры падобных гуртках у стылі рэнесансу і барока, сядзібы якіх знаходзіліся ў прыгажэйшых месцах краіны – як напрыклад у Версалі. Пасля вяртання ў Кракаў я змагла здзейсніць мару пра ансамбль, які будзе дзейнічаць пры Вавэльскім Замку, самым вядомым цэнтры прыдворнай культуры ў Польшчы».

 

Пасля 10 год працы ў якасці прыватнай ініцыятывы ансамблю ўдалося дамагчыся падтрымкі гораду і Cracovia Danza стаўся дзяржаўным, прадстаўнічым калектывам Кракава.

alt=”Прыдворны балет “Cracovia Danza”. Легенда пра Каралеву Ядвігу” sub=”Прыдворны балет “Cracovia Danza”. Легенда пра Каралеву Ядвігу” >

«У ансамблі працуюць прафесіяналы, выпускнікі балетных школ, якія, адначасова, з’яўляюцца аматарамі даўніх танцаў. Бо іх рэпертуар у асноўным грунтуецца на прыпавесцях, трактатах, можна сцвярджаць, што гэта пэўная археалогія танцу. Займаемся таксама рэканструкцыяй старадаўніх танцаў, харэаграфіі, касцюмаў».

 

Усё гэта спалучаецца ў гісторыі з канкрэтнымі асобамі і падзеямі каралеўскага двара. У рэпертуры ансамблю ёсць спектакль пра каралеву Ядвігу, які тэматычна звязаны з дворам караля Уладзіслава Ягайлы, спектакль «Шахматы» паводле Яна Каханоўскага, «Маскарад Боны», «Сабескі і Марысенька», спектакль пра паланез, «Пан Твардоўскі», «Свет Шапэна, які танцуе» і іншыя. Тыя спектаклі маюць на мэце паказаць польскую прыдворную культуру і этыкет, мадэль паводзінаў тых часоў, а перадусім паказваюць харэаграфію – карэнна польскую і тую, якую танцавалі пры польскім двары – італійскую, французскую.

 

Адраджаючы прыдворную культуру, Cracovia Danza арганізуе ў сваім горадзе адзіны ў свеце фестываль прыдворных танцаў, куды запрашаюцца танцоры і артысты з розных краін, нават з Індыі. На гэтым фестывалі вельмі папулярныя майстар-класы сусветна вядомых харэографаў з Англіі, Італіі, Францыі і, безумоўна, Польшчы. Пані Рамана лічыць, што дзейнасць ейнага калектыву пазітыўна ўплывае на адраджэнне прыдворнай культуры ў цэлым.

 

«Гэта ёсць свайго роду дзейнасць, якая служыць адраджэнню элементаў прыдворнай культуры: паэзіі, музыкі, памяці пра асобы гэтых часоў. Танец гэта ж носьбіт культуры. Калі танчаць паланез, то гэты танец ва ўсіх адразу асыцыюецца з годнасцю, з дворам, шляхтай, элегантнасцю».

 

Дзякуючы Cracovia Danza, лічыць пані Рамана, у Польшчы ўзнікла шмат маладзёвых ініцыятыў па адраджэнні дадзенага віду музычнай культуры. Радуе ў гэтай дзейнасці акурат тое, што адраджаюцца не толькі прыгожыя строі, музыка ці танцы, але перадусім і годная культура стасункаў і этыкет – паняцце, якое сёння можа падацца анахранізмам.

 

Здымкі instpol.by

 

Паслухаць інтэрв’ю можна на радыё «Твой Стыль».