Грошы на рэканструкцыю Каложы знойдуцца… у нашых кішэнях

|

Старшыня аблвыканкама абмеркаваў праблемы аднаўлення царквы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый горада і духавенствам праваслаўнай царквы. Галоўнай праблемай аказалася адсутнасць сродкаў, праз якую і спынілася распрацоўка будаўнічага праекта.

Найбольш перспектыўным спосабам знайсці грошы губернатар лічыць «народную будоўлю» – яна дазволіць далучыцца да рэканструкцыі кожнаму прадпрыемству, арганізацыі ці жыхару горада. Непасрэдна прапанаваныя «адносна сумленныя спосабы адбірання грошай» у насельніцтва: латарэі, дабрачынныя акцыі і суботнікі. Па меркаванню Сямёна Шапіры, гарадзенцы ахвотна далучацца да аднаўлення святыні.

Падобным чынам – праз арганізацыю латарэі – міністр культуры Алег Латушка прапанаваў знайсці сродкі на рэканструкцыю Наваградскага замка. А яшчэ раней гэтаксама «усёй краінай» збіралі грошы на пабудову Нацыянальнай бібліятэкі.

Падчас падрыхтоўчых прац і рэканструкцыі, каля яна ўсё ж пачнецца, вернікі будуць маліцца ў новым прыхадскім комплексе, які павінен паўстаць у Каложскім парку. Паводле плану комплекс будзе пабудаваны праз год, а аднаўленне царквы скончыцца праз два гады.

Паводле Белта