Горадня і польскі горад Слупск падпісалі дамову аб супрацоўніцтве
Падпісанне дамовы з’яўляецца ініцыятывай арганізацыі “Вільня-Горадня”, якая аб’ядноўвае выхадцаў з Беларусі.
Подпісы пад дакументам паставілі прэзідэнт Слупска Мацей Кабылінскі і старшыня Гарадзенскага гарвыканкама Барыс Казелкоў. Як паведамляе БЕЛТА, на сустрэчы дэлегацый двух гарадоў падкрэслівалася, што сувязі паміж Слупскам і Горадняй ўсталяваліся ўжо даўно, да прыкладу, актыўна рэалізуецца супрацоўніцтва паміж слупскім і гарадзенскім тэатрамі лялек.
Старшыні адміністрацый польскага горада і горада на Нёмане абмеркавалі шэраг магчымых сумесных праектаў. Так, гаворка ішла аб рэалізацыі міжрэгіянальных праектаў з выкарыстаннем сродкаў з фондаў Еўразвязу, у тым ліку па праграме “Усходняе партнёрства”, а таксама аб магчымым удзеле слупскіх кампаній у стварэнні турыстычнай інфраструктуры на беларускай частцы Аўгустоўскага канала.
Акрамя гэтага, падчас сустрэчы генеральнага консула Беларусі ў Гданьску Руслана Есіна і прэзідэнта Слупска Мацея Кабылінскага былі абумоўлены планы выступу ў сярэдзіне жніўня бягучага года ў Слупске Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь.
Канцэрт адбудзецца падчас акцый “Беларусь – гэта мы”. Па словах Мацея Кабылінскага, выступ беларускіх музыкаў будзе добрым падарункам ад беларускага боку жыхарам горада, бо ў гэтым годзе Слупск адзначае 745-годдзе з моманту заснавання.
“Гэта будзе першае буйнае беларускае культурнае мерапрыемства ў Слупске”, – падкрэсліў ён.
Акрамя Слупска, канцэрты Прэзідэнцкага аркестра запланаваны ў Гданьску, Гдыні і некаторых іншых гарадах Паморскага рэгіёну.
Таксама гарадскія ўлады Слупска выказалі зацікаўленасць у арганізацыі ўвосень 2011 года пятага рэгіянальнага беларуска-паморскага эканамічнага форума.