Астравецкія нататкі

Не так даўно я вярнулася з Астравеччыны, і мне спатрэбілася некалькі дзён, каб адвыкнуць ад вясковага каларыту. Тыдзень я пражыла ў сваёй бабулі ў невялічкай вёсцы Бярозаўка. Стаялі  гарачыя дзянькі, і толькі вясковая драўляная хата ратавала ад невыноснай спякоты – там заўсёды было прахалодна, свежа.

Мая бабуля

Заходзіш у хату – і адразу адчуваеш вёску: у кутку вісяць абразы, печка пагрузілася ў сон да лепшых для яе зімовых часоў, на канапах ляжаць вышыванкі маёй бабулі, якіх, дарэчы, не знойдзеш ні ў якіх крамах, бо такія вышыванкі нясуць у сябе адбітак астравецкай аўтэнтычнай традыцыі. Яны ў некаторым сэнсе ўнікальныя.

 

Першыя дні прыходзіцца прывыкаць да вясковай цішыні, якую ў горадзе наўрад ці можна адчуць. Гэтаму вельмі спрыяе адсутнасць мабільнай сувязі – адпачываеш амаль ад усіх выгодаў цывілізацыі.

Усе выгоды ў двары, ваду можна здабыць толькі ў студні. Для тых, хто ніколі не жыў у вёсцы, гэта сапраўдны стрэсавы іспыт. А шмат насякомых проста даводзіць да вар’яцтва. Але я ўжо прывыкла да гэтага, таму мне смешна назіраць за «дзецьмі асфальту», якія часам трапляюць у вясковы асяродак.

 

Вада ў студні вельмі чыстая, хрумсткая і смачная. Яна вельмі адрозніваецца ад той, што цячэ ў вадаправодзе. Цяжка спачатку дыхаць вясковым паветрам – шмат кіслароду, паветра чыстае, свежае, яго яшчэ не паспелі забрудзіць выхлапнымі газамі аўтамабілі. Затое потым, калі вяртаешся ў горад, цяжка прывыкнуць да гарадскога асяродку, дзе проста нечым дыхаць.

А я збіраю агуркі

З дзяцінства люблю парнае малако, і толькі тут можна адчуць вялікую розніцу паміж сапраўдным малаком і парашковай падробкай, якую прадаюць у нашых крамах. Менавіта на вёсцы я палюбіла мёд, які раней цярпець не магла. Сёлета нават удзельнічала ў яго зборы, хаця «пасябраваць» з пчоламі ў мяне не вельмі атрымалася.

 

Здзіўляюць людзі, якія тут жывуць. У іх свая вясковая мудрасць, павольная разважлівасць, асаблівае стаўленне да традыцый, да продкаў. У маёй бабулі ў хаце вісіць шмат партрэтаў нашых продкаў, і я зараз магу паглядзець на сваіх прапрапрабабуль і прапрапрадзядуль.

 

Лясы на Астравеччыне багатыя ягадамі, грыбамі, насякомымі і жывёламі. У мясцовых гушчарах можна натыкнуцца на змей, якіх тут даволі многа, зайцаў, лісіц, дзікоў (якія барануюць агароды), казуль. Гэтым летам я нават бачыла здалёк ваўка. Ну што ж, дзе зайцы, там і ваўкі, нічога не зробіш. Галоўнае ведаць, як сябе паводзіць пры сутыкненні з ляснымі жыхарамі.

 

Мне падабаюцца некаторыя традыцыйныя «абрады» вяскоўцаў пры ўваходзе ў лес. Так, каб не сустрэць змяю ў лесе, грыбнікі крэсцяць грудзі і ногі. Тут можна пабачыць шмат птушак – ад буслоў да каршуноў. Дарэчы, недалёка ад нашай хаты буслы звілі гняздо. Людзі кажуць – на шчасце.

Уражвае велічнасць і прыгажосць астравецкіх архітэктурных помнікаў, асабліва касцёлаў. Тут можна ладзіць цэлую экспедыцыю па вывучэнні гістарычнай Астравеччыны. Чаго толькі каштуе Троіцкі касцёл у вёсцы Гервяты, гледзячы на які проста не верыш, што ты ў Беларусі!

>

Уразілі мяне і Варняны, дзе я выпадова наткнулася на цудоўны млын з вадаспадам, а таксама востраў сярод возера, на які можна было дабрацца толькі па пад’ёмным мосце. На гэтым востраве размяшчаецца вежа, якую выкарыстоўваюць сёння для святкавання розных святаў – ад юбілеяў да вяселля. Трэці паверх у вежы – спальня для маладых. Першы і другі паверхі – залы для гасцей. Побач на самай вадзе ляжыць белая альтанка, дзе таксама можна адпачыць і паглядзець на азёрныя гарлачыкі.

У гэтым возеры я павінна была злавіць шчупака. Пакуль не атрымалася

Шмат на Астравеччыне азёр. Чыстых, гаючых, багатых на рыбу. Успомніць хоць возера Ёдзі, у якім вада такая празрыстая, што у метрах пяці ад берага можна добра бачыць дно. Пасля нашай Юбілейкі гэта сапраўды здаецца цудам. Я нават хадзіла на рыбалку. Злавіла адну рыбку, зразумела, што рыбалка – не маё, і рушыла дахаты. Каб не спякота, я б шчупака злавіла! Вы мне паверце!

 

Калі я вельмі стамляюся, калі мне хочацца проста адпачыць душой, мяне цягне менавіта сюды. Тут адпачываеш ад гарадской мітусні, злучаешся з хараством прыроды, дыхаеш свежым паветрам. Шпацыруючы па вясковых ваколіцах, адчуваеш прысутнасць нейкай таямніцы, якую табе пакуль не дадзена зразумець, але да якой ты імкнешся ўсім сэрцам.

 

Астравеччына багата ўсім: і некранутай прыродай з цудоўнымі чыстымі азёрамі і густымі лясамі, і хараством вясковых людзей, якія ўсё сваё жыццё укладаюць у зямлю, на якой жывуць.

Гэта і помнікі беларускай гісторыі, ад якіх вее духам Вялікага Княства, і разваліны фальваркаў, у якіх калісьці бурліла жыццё. Гэта і цудоўнае начное неба, усыпанае сузор’ямі, якое не пабачыш ва ўсім яго харастве ў горадзе.

 

І гэта – проста жыццё. Сапраўднае, без прыўкрас.