Калі сабакі не гаўкаюць…

Да гэтага часу, на тэрыторыі Злучаных Штатаў можна была зрабіць свайму ўлюбёнцу такую спрэчную аперацыю, якая ў большасці краін свету забароненая. Гэтак званы «debarking» мае на мэце супакоіць сабаку або ката праз падрэзку ці выдаленне галасавых звязак. У яго выніку знявечаная жывёла можа выдаваць толькі ціхія, прыглушаныя гукі.

 

На погляд абаронцаў правоў жывёл, вынікі такой аперацыі могуць быць вельмі негатыўнымі. Часта з’яўляюцца праблемы з дыханнем, кашаль, сапанне, адышка і апрача таго жывёлы страчваюць здольнасць камунікаваць паміж сабой. Абаронцы правоў жывёл лічаць, што ўладальнікі павінны прымяняць адпаведную дрэсіроўку, замест таго, каб класці звярка пад скальпель.

 

У большасці краін, у тым ліку ў Польшчы, усе аперацыі, якія не маюць на мэце захаванне жыцця і здароўя жывёлаў, забароненыя. Акрамя выразання галасавых звязак, нельга абразаць і хвост.

 

У гарадзенскіх ветлячэбніцах працэдуру падразання галасавых звязак не робяць. Ветэрынар з клінікі па вул. Малышчынскай назваў гэтую аперацыю садызмам і здзекам над жывёлай:

 

– Вы ўяўляеце, што робіцца з жывёлай пасля такой працэдуры? Яна ж сіпець пачне! І рэабілітацыйны перыяд будзе доўгі… Лепш вырашаць праблему інакш – дрэсіроўкай, напрыклад. Я зараз нават кіпцюры катам не абразаю – аднойчы давялося рабіць такую аперацыю. Прынесла гаспадыня ката, каб абрэзаць яму кіпцюры, бо драпае мэблю. Давялося выразаць ледзь не па фаланзе з кожнага пальца. Кот два тыдні не мог хадзіць. Пасля зажыло, засталіся толькі мяккія падушачкі, але я адмовіўся больш рабіць такія працэдуры. Гэта наўпроставы садызм з боку гаспадароў. Зараз робім толькі кастрацыю.

 

На кастрацыю ці стэрылізацыю нясуць усё больш жывёлаў – напрыклад, у клініцы на Малышчынскай каля 30 катоў і 35 котак у месяц. Ветэрынарны ўрач лічыць, што гэта больш гуманна, чым даваць катам кантрацэптывы, якія негатыўна ўплываюць на ныркі і іншыя ўнутраныя органы жывёлаў.

 

А як ставяцца да гэтак званых эстэтычных аперацыяў сабакам і катам гарадзенцы? Ці варта дзеля прыгажосці падразаць хвасты і вушы, каб цішэй гаўкалі – галасавыя звязкі? Большасць адказвала з абурэннем:


Прадавачка ў краме: Як Богам дадзена, так і мусіць быць! У мяне самой сабака і кот, я іх не кастрыравала – нашто мучыць жывёлаў! Шкада жывёлаў – як і чалавек, яны таксама хочуць нармальна жыць.

 

Жанчына на лаўцы ў парку: Асабіста я думаю, што кожны можа рабіць так, як ён гэта разумее. Адзінае, што хачу адзначыць, што кожны ўладальнік мусіць адказваць за свайго гадаванца і добра да яго ставіцца. А ўвогуле лепш не заводзіць вялікіх сабак, калі не маеш уласнага дома, а ўсяго толькі кватэру.

 

Жанчына, якая адпачывала ў скверы: Жывёла гэта таксама Боскае стварэнне, таму нельга рабіць такія аперацыі.


Маладая дзяўчына: Я катэгарычна супраць – жывёла ўсё вельмі адчувае, ёй баліць, яна церпіць з таго, што ўмешваюцца ў яе прыроду, а абраніць сябе не можа. Аперацыі патрэбныя толькі, калі гэта нейкая хвароба.

 

Пытанне эстэтычных аперацыяў у Эўропе не выклікае яшчэ вялікіх агульнаграмадскіх дыскусій. У ветлячэбніцах выконваюцца, перш за ўсё, кастрацыі ды стэрылізацыі, якія лічацца карыснымі для жывёл. Працэдуры, якія не маюць на мэце захаваць здароўе жывёл сустракаюцца з абурэннем і крытыкай з боку грамадства, у тым ліку жыхароў Гродна.

 

Фота Вольгі Іллюк