Невялікі пасёлак Жалудок у гэтую нядзелю ператворыцца ў сталіцу кветак
Як паведаміў піяр-каардынатар праекту Вячаслаў Смірноў, ідэя правядзення падобнага фэсту належыць самім жыхарам Жалудка і мясцовай адміністрацыі.
У Жалудку гэта не першае мерапрыемства такога кшталту, але першыя два разы яно праходзіла толькі з удзелам мясцовых жыхароў. Сёлета правядзенне фэсту падтрымана сумесным праектам Еўрапейскага Звяза і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні».
“Гэта мясцовы фестываль, які, як мы плануем, стане традыцыйным і будзе праводзіцца штогод, – зазначыў Вячаслаў Смірноў – “Фэст кветак” у Жалудку – унікальная падзея, якая дазволіць актывізаваць мясцовыя рэсурсы і зрабіць уклад у эканамічнае развіццё пасёлка. Ды і ўвогуле, гэта вельмі прыгожае і цікавае мерапрыемства”.
Праграма фэсту ўключае ў сабе конкурс букетаў, канцэрт, выставу-продаж прац майстроў народных промыслаў, адмысловы каларыт святу надасць дэфіле ў гарнітурах “Кветкавыя фантазіі” – гэта далёка не ўсё, што прыгатавалі гасцям пасёлка арганізатары.
Лейтматыў свята – каханне і рамантычныя адносіны. Яго будзе ўвасабляць конкурс кветкавых кампазіцый “Кахаю цябе …” і букетаў “Кветкі ў падарунак”.
Да фэсту рыхтуецца ледзь ці не кожны двор, бо іх афармленне і добраўпарадкаванне таксама будзе ацэньваць строгае журы кветкавага фэсту. Жыхары будуць прадаваць высадкі, вырабы з сухацветаў, сувеніры, вырабы народных здабыч, прадукцыю асабістых падворкаў.
У рамках фэсту адбудуцца конкурсы “Кветкі каля хаты”, “Ландшафтны дызайн”, “Міні-садок”, “Мара калекцыянера”. Для тых, хто даўно марыць сам навучыцца ствараць кветкавыя кампазіцыі, будуць арганізаваны майстар-класы мінскіх ландшафтных дызайнераў. А для аматараў шумнай весялосці падрыхтавана канцэртная праграма і займальныя спартыўныя спаборніцтвы. І вядома, гасцей чакаюць пачастункі традыцыйнай беларускай кухні. Арганізатары спадзяюцца на тое, што іх ідэю падхопяць і іншыя беларускія пасёлкі і мястэчкі.
“Мы чакаем, што свята не толькі стане традыцыйным забаўляльным мерапрыемствам, але будзе важным стымулам у працы па добраўпарадкаванні і азеляненні пасёлка, захаванні прыроднай спадчыны, стане штуршком для стварэння і аб’яднання мясцовых супольнасцяў,” – дадаў Вячаслаў Смірноў.
Фота: http://mgkh.mosreg.ru/userdata/31566.jpg