Пешшу ў санктуарый Іісуса Журботнага

Ужо з 1618 году касцёл у Росі знакаміты менавіта дзякуючы гэтай цудоўнай фігуры, і з тых часоў у свята Спаслання Духа Святога ў мясцовай парафіі адбываюцца разграшальныя ўрачыстасці.

 

Распачаліся цуды ў касцёле ў Росі са здарэння, калі сляпая жанчына ў часе ранняшняй святой Імшы, падумаўшы, што фігура Іісуса Журботнага – гэта спаведнік, паспавядалася перад ёй і атрымала разграшэнне. На пытанне святара, які ўдзяляў святую Камунію, у каго яна была ў споведзі, жанчына адказала: «Той спаведнік, што ў бабінцы сядзіць, слухаў споведзь, і калі ўдзяліў мне разграшэнне – пачала бачыць». Тое, што здарылася, пацвердзілі ўсе людзі, якія прысутнічалі на святой Імшы, і з таго часу цуды і звязаныя з гэтым ласкі пачалі пашырацца сярод вернікаў гэтай парафіі і наваколля.

 

Такім чынам, пілігрымаў у Рось прыцягвае фігура Іісуса Журботнага, які ласкавым позіркам пазірае на кожнага, хто ў гэтае месца да Яго прыходзіць.

 

6–9 жніўня 2010 г. адбылася ІХ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Іісуса Журботнага ў Росі. Сёлетняя пілігрымка распачалася са святой Імшы ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Паўднёвы).

Літургію ўзначаліў кс. Ежы Марціновіч, кіраўнік пешых пілігрымаў у Рось. У гаміліі святар параўнаў усіх пілігрымаў з Абрамам са Старога Запавету, якому Бог сказаў: «Выйдзі са сваёй роднай зямлі і з дому айца твайго ў зямлю, якую табе пакажу» (пар. Быц 12, 1). Вось тады выходзіш і даведваешся, што такіх, каму Бог сказаў гэтыя словы, вельмі шмат. Сустракаешся на шляху пілігрымкі з тымі, хто на некалькі дзён пакінуў выгоды, дом, камп’ютэр, Інтэрнэт, ложак, цёплую ваду, любімыя напоі і ежу. Пакінулі таксама сваіх бацькоў, знаёмых, сяброў.

 

Абедам у першы дзень пілігрымкі частавала парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (дэканат Гродна–захад), а на начлег дзверы сваіх дамоў з вялікай радасцю адчынілі вернікі парафіі ў Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі дэканат).

>

На наступны дзень з самай раніцы вандроўнікі вырушылі ў далейшы шлях. У Рэплі (Ваўкавыскі дэканат) чакаў пасілак, і ўжо вечарам падарожныя дабраліся да санктуарыя — мэты пілігрымкі, — дзе прынялі ўдзел у святой Імшы і чуванні пры Хрысце ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, канферэнцыях і працэсіі са свечкамі вакол святыні.

 

Заканчэннем пілігрымкі стала нядзельная ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў Гарадзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Літургію ўпрыгожваў і дадаваў велічнасці хор «Cantate Domino» з гарадзенскай парафіі Іісуса Міласэрнага. На заканчэнне адбыўся цудоўны канцэрт у выкананні гурта «Maj» з квасоўскай парафіі. Узрост сёлетніх пілігрымаў быў самым розным. Перш за ўсё ў малітоўнае падарожжа накіравалася моладзь, хоць найстарэйшым пілігрымам была 75-гадовая жанчына, а самым малодшым — 5-гадовая Яна.

Колькасць удзельнікаў склала звыш 270 асоб. У пілігрымцы з Гродна ў Рось прыйшлі прадстаўнікі 35 парафій Гарадзенскай дыяцэзіі. Далучылася таксама некалькі пілігрымаў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі.

 

У дарозе быў прадугледжаны час не толькі для малітвы, канферэнцыі, разважання, цішыні, але таксама для спеваў, а нават і для танцаў. Таму можна сказаць, што быў час і на Ружанец, і на танец.

 

Кожная пілігрымка мае свой дэвіз, які з’яўляецца галоўнай думкай. У гэтым годзе мы абралі дэвізам словы: «Даверся Божай міласэрнасці». Выбраўшы гэты дэвіз, мы ўзгадалі сабе і яшчэ раз усвядомілі, што дабрыня Бога большая за нашыя правіны. І хутчэй чалавек стоміцца абражаць Пана Бога, чым Ён – Бог – прабачаць чалавеку. Бог чыніць як Добры Айцец, які не столькі звяртае ўвагу на крыўду з боку свайго сына, колькі на яго раскаянне. У чарговы раз мы зведалі, «якая вялікая міласэрнасць Пана і прабачэнне для тых, хто прыходзіць да Яго» (пар. Сір 17, 29).

 

У другі дзень пілігрымавання арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па тэлефоне прывітаў пілігрымаў і звярнуўся да іх. У сваёй прамове Мітрапаліт звярнуў увагу на тое, каб сучасны чалавек памятаў, што крыж з’яўляецца самым распаўсюджаным сімвалам хрысціянства.

 

Жадаю выказаць падзяку ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі пілігрымкі, парафіям, якія прымалі пілігрымаў на абед і начлег. Усім спонсарам і ахвярадаўцам няхай Бог благаслаўляе! Усім пілігрымам дзякую за ўдзел у пілігрымцы і ўжо сёння запрашаю на аплатковую сустрэчу для ўсіх пілігрымаў Гродна–Рось, якая адбудзецца 27 снежня 2010 г.

Кс. Ежы Марціновіч, кіраўнік пілігрымкі Гродна–Рось