Чыя «плошча» лепшая? (відэа)
Захацелі, ці змаглі прыехаць толькі чацвёра: Юрась Глушакоў з партыі «зялёных», Рыгор Кастусёў – Беларускі Народны Фронт, Яраслаў Раманчук – Аб’яднаная Грамадзянская партыя і Аляксандар Мілінкевіч – рух «За Свабоду». Кандыдат ад БХД, – Віталь Рымашэўскі прыслаў на форум свайго намесніка.
Пачалося мерапрыемства з двухгадзінных успамінаў мінулых выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў. Кандыдаты ў дэпутаты цягам першай часткі сустрэчы распавядалі пра фальсіфікацыі і перашкоды ў часе выбарчай кампаніі. Слухачы сумавалі і чакалі прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла.
Тыя з’явіліся пасля абеду. Пасля кароткіх уступных прамоваў, слухачы засыпалі кандытаў пытаннямі. Вядома, усіх цікавіла, ці змогуць дэмакратычныя сілы аб’яднацца і вылучыць адзінага кандыдата. Хоць усе прэтэндэнты казалі пра такое аб’яднанне па хвілін дзесяць. Усе ішло да аднаго: «Я падтрымаю кандыдата з той жа праграмай, што ў мяне, з тымі ж поглядамі, а ўвогуле – лепш за ўсё падтрымайце мяне». Рыгор Кастусёў успамінаў мінулыя прэзідэнцкія выбары: «абралі адзінага, але ж ён адзіным ня быў», а ўвогуле лепш усё пусціць на самацёк. «Не ўсе сфарміруюць ініцыятыўныя групы, не ўсе збяруць подпісы. Нельга гэтую працэдуру рабіць штучна. Гэта павінна адбыцца натуральным шляхам».
Вядома, штосьці ў гэтым ёсць. На мінулых выбарах таксама было каля дзесяці кандыдатаў. Зарэгістравалі ініцыятыўныя групы восем, а сабралі неабходную колькасць подпісаў толькі чацвёра. Цікава, што на словах усе гатовыя адмовіцца ад прэзідэнцкіх амбіцыяў, аднак толькі пасля пагаднення. Як павінна выглядаць такое пагадненне і што гатовыя кандыдаты для гэтага зрабіць, застаецца таямніцай.
Увогуле, мэтай форуму было «абмеркаванне праграмаў кандыдатаў у прэзідэнты і выпрацаванне ўзгодненай стратэгіі паводзінаў у час выбарчай кампаніі». Скажам адразу: праграмы не абмяркоўваліся, а пра стратэгію, тым больш узгодненную, няма што казаць. Большасць пытанняў пачыналася з: «А вось калі вы станеце прэзідэнтам…».
Часам стваралася такое ўражанне, што дэмакратычныя сілы ўсур’ёз упэўненыя ў сваёй хуткай перамозе. Прысутных хвалявала пытанне люстрацыі, першых прэзідэнцкіх указаў пераможцаў і новага палітычнага ладу Беларусі.
Аляксандар Мілінкевіч традыцыйна абяцаў скасаваць кантрактную сістэму: «Гэта аснова страху ў краіне. Рэформы трэба рабіць па ўсім накірункам. Мы мусім цягам першага году, за паўгады паказаць, што жыць стала лягчэй, – а потым паскардзіўся, – найгоршае, што мы не маем зараз плану з якіх рэформ пачынаць». На гэта пакрыўдзіўся Яраслаў Раманчук: «У 2007 годзе мы разам з камітэтам Дэмакратычных Сілаў працавалі над адмысловым пакетам рэформ. Калі хтосьці кажа, што плану рэформ няма, то значыць, ён імі не займаецца. Ёсць канкрэтныя рэчы, якія прэзідэнт мае проста падпісаць. Есць там і малая канстытуцыя, дзе паміж іншым падпісаліся ўсе Дэмакратычныя Сілы».
Разбавіў напружаную атмасферу прадстаўнік БХД, які на пытанне аб першых прэзідэнцкіх рухах Віталя Рымашэўскага сказаў роўна столькі: «Я, як чалавек веруючы, думаю, што трэба штосьці зрабіць з гэтымі помнікамі Леніну, а то сколькі ж можна, насамрэч!».
Найбольш каларытным удзельнікам форуму быў кандыдат ад партыі зялёных, Юрась Глушакоў: «Я дакладна ведаю, што маім першым указам у якасці прэзідэнта, будзе ўказ пра скасаванне ўсіх дэкрэтаў. Увогуле, першае, што зраблю, дык скасую такую пасаду – прэзідэнт». Парламенцкая Рэспубліка – выбар Глушакова. Гэта, вядома, цікава, толькі сабраліся ўсе каб даведацца хоць штосьці пра стратэгію выбарчай кампаніі. На што той адказвае: «Можа гэта і добра, што пойдзем на выбары двума, трыма калонамі, – і нават прыводзіць гістарычны прыклад, – Грунвальдская бітва, калі Вітаўт не папярэдзіў Ягайлу і сам заатакаваў крыжакоў, такім чынам яны былі заціснутыя паміж войскамі як паміж молатам і кавадлам». Пад Грунвальдскай бітвай, спадар Глушакоў пэўна меў на ўвазе другую «плошчу». На сустрэчы чамусьці панавала агульная ўпэўненасць у такім мерапрыемстве. «А нашая плошча будзе лепшая за мінулую», – выкрыкнуў хтосьці з слухачоў.
Ніякой канкрэтыкі. Сабраліся, папілі кавы паўтарылі некалькі сказаў з сваёй выбарчай кампаніі, паабяцалі «плошчу». Вынік нядзельнай сустрэчы. На жаль, выглядае такім чынам, што Дэмакратычныя Сілы проста не ў стане зараз аб’яднацца, альбо хаця б выпрацаваць агульную стратэгію дзеянняў.
Фота аўтара