Паўтары гадзіны лялечнага цуду
Чарговая экранізацыя кнігі выбітнага дзіцячага пісьменніка Роальда Даля выкананая складанай і вельмі эфектоўнай тэхнікай пакадравай анімацыі, а галасы героям падарылі зоркі першага шэрагу, такія як Мэрыл Стрып, Джордж Клуні ці Біл Мюрэй. Стужка «Неверагодны спадар Ліс» годна працягвае шэраг такіх удалых інтэрпрэтацый казак Даля, як «Чарлі і шакаладная фабрыка» ці «Джэймс і гіганцкі персік» ад Тыма Бёртана .
Рэжысёр Вэс Андэрсан удала развіў простую гісторыю пра спрытнага ліса, які дурыць мясцовых фермераў, даводзіць іх да шаленства ды выходзіць сухім з вады, уплёўшы мноства ўласных дэталяў. Тут і юрыдычная кантора «Барсук, Бобр і Бобр», і набыццё лясной нерухомасці ў крэдыт (актуальна сёння не толькі для лясных жыхароў), і праблемы правінцыйнай журналістыкі, і школьныя цяжкасці таго, хто непадобны да іншых. І цэнтральнае пытанне пра дзікага звера, які жыве ў кожным з нас. Усяго гэтага не было ў кніжным арыгінале, але гэта менавіта тое, што робіць «Спадара Ліса» гэтакім фантастычным.
Героі Даля/Андэрсана выразныя і яскравыя асобы. Яны жывыя, ды ня проста так, а менавіта тым жыццём, якое нам знаёмае. І гэтыя праслаўленні я выказваю цалкам усведамляючы відавочную прастату сюжэта. Ён, прызнаюся, просты, як еўрапейскі хімічны агурок, без найменшага адхілення. Магія нейкая, не інакш.
Мабыць усяго гэтага не было б, калі б не выбраны спосаб рэалізацыі стужкі. Надзвычай цешыць, што архаічная тэхніка пакадравай анімацыі ўсё яшчэ знаходзіць сваіх прыхільнікаў: як сярод творцаў, гэтак і сярод гледачоў з крытыкамі. 13 узнагарод і 18 намінацый (сярод іх 2 на Оскара) – гэта не абы што. Яшчэ б крыху шчасця і замест піксараўскага «Уверх» залатую статуэтку ўзяў бы «Спадар Ліс».
Цудоўная фактура матэрыялу, які так і хочацца памацаць праз экран, надзвычайная пластычнасць герояў, дакладнасць у адлюстраванні дэталяў, любоў да дробязяў – гэты фільм проста ўражвае візуальна, а праца аніматараў падаецца тытанічнай. Не расчароўвае і гукавы бок: музыка, мабыць, і не вельмі разнастайная, але надта добра дапасаваная да відэашэрагу.
Прыгожы, дапрацаваны, незвычайны фільм. Сігнал са стылёвага мінулага. Паштовачка з брытанскага таўна і святочны паказ уменняў лепшых магаў-аніматараў. Паўтары гадзіны лялечнага цуду.
Фільм: Неверагодны спадар Ліс / Fantastic Mr. Fox, 2009 г., ЗША-Велікабрытанія, 87 хв.
Рэжысёр: Вэс Андэрсан
Жанр: анімацыйны, прыгодніцкі
Асабістая ацэнка: 8 / 10