Да Крыма – на колах

| Без катэгорыі

Невядомая Беларусь

Выехалі з Менску трыма машынамі ў бок Мазыра і Нароўлі. Ніколі не даводзілася пабываць на ўсходзе Беларусі. А тут такая магчымасць! Было што параўнаць. Заўважыла, што на ўсходзе краіны падворкі адгароджаныя адзін ад аднаго высокім плотам. Відаць, каб суседзі лішні раз носа не падтачылі. Не тое, што мы, «заходнікі», напоўную расчыняем вароты для гасцей, і тым больш для суседзяў.

 

Прыемна здзівіў поўдзень Беларусі, праз які вярталіся назад, у Гародню. Па трасе Гомель – Кобрын амаль увесь час ехалі праз лес, дзе ўздоўж дарогі праз кіламетраў 50-100 арганізаваныя месцы для адпачынку. Праўда, неберажліва ставяцца госці да лесу і пакідаюць пасля сябе шмат смецця.

 

Даўно марыла паглядзець на «беларускую Амазонку», якою ў нас называць Прыпяць. Разлівы гэтай рэчкі проста ўражваюць, як уражвае Дняпро, які, на жаль, пакуль што даводзілася бачыць толькі на Украіне.

 

Беларуска-ўкраінскую мяжу праехалі даволі хутка. Чаргі не было, бо і беларуская вёска Аляксандраўка, і украінская – Вільча знаходзяцца ў зоне Чарнобыльскай пушчы. Аднак чамусьці толькі ўкраінская тэрыторыя аб’яўленая зонай адчужэння. І сапраўды, пасля украінскай мяжы назіраеш жахлівую карціну: разваленыя хаты і стрэхі, пахіленае буслава гняздо вёскі Вільча, апусцелыя шматпавярховікі мястэчка Палессе – і ўсё гэта амаль за чвэрць стагоддзя пасля аварыі на ЧАЭС парасло лесам, хмызняком і быльнікам.

 

Украіна

У першы дзень ад Менску да Мікалаева мы праехалі каля тысячы кіламетраў. Ехаць хутка не дазвалялі тры рэчы: украінскія дарогі, ДАІ і бензін. Пакрыццё дарог магло быць лепшым. Даішнікі, якія стаяць на дарогах да Крыма, разводзяць замежнікаў на грошы. Так на трасе Кіеў – Адэса некалькі разоў на працягу пяці хвілін можна было заўважыць тры машыны ДАІ, якія ўкраінцаў нават не спыняюць, хоць тыя і носяцца як угарэлыя. Якасць бензіна нізкая. Машына адмаўляецца ехаць. Такое ўражанне, што на ўкраінскія запраўкі трапіў адзін з герояў савецкага фільма «Джэнтэльмены ўдачы» і разбавіў бензін аслінай мачой.

 

Аднак трэба належнае аддаць украінцам у тым, што на ўказальніках усе населеныя пункты, праз якія праходзяць турыстычныя маршруты, падаюцца на дзвюх мовах – украінскай і ангельскай. Часта сустракаюцца ўказальнікі, на якіх змяшчаюцца вітанні на той ці іншай зямлі або пажаданні добрай дарогі. У Беларусі такое рэдка сустрэнеш.

Незабыўнае ўражанне аказвалі залатыя палі сланечніку, якія вельмі часта можна было аглядаць уздоўж дарогі.

 

Горад славы

На другі дзень, праехаўшы больш за паўсотню кіламетраў, мы апынуліся ў Севастопалі, дзе адзначаўся Дзень ваенна-марскога флоту Расійскай Федэрацыі. Не ведаю, як звычайна, але ў гэты дзень горад не быў украінскім: паўсюль ездзілі калоны машынаў з расейскім і Андрэееўскім сцягамі. Севастопаль – сапраўдны батанічны сад, у засені якога можна знайсці прытулак ад спякоты. Калі цэнтральныя вуліцы Гародні абсаджаныя каштанамі, то ў Севастопалі яны абсаджаныя крымскай сасной, якая ў разы тры меншая за нашу.

>

З нагоды Дня ВМФ у бухтах горада праходзіў парад ваенных караблёў. Парад, а таксама вароты ў Чорнае мора можна было пабачыць, падплыўшы на кацеры. У савецкія часы паміж слупамі варотаў пад вадою нацягвалася сетка з металічных кольцаў. Сетка была настолькі моцнай, што вытрымлівала ўдар падлодкі на максімальнай хуткасці. Сетка нацягвалася для таго, каб варожыя падлодкі не маглі патрапіць у горад.

На ўзбярэжжы адной з цэнтральных бухт знаходзіцца помнік затопленым караблям, якія патапілі падчас Крымскай вайны, каб перагарадзіць шлях у бухту гораду варожым караблям. Па колькасці помнікаў Севастопаль займае трэцяе месца ў свеце пасля Рыма і Піцера.

 

Вось яно… мора

У гэты святочны для севастопальцаў дзень было настолькі горача, што некаторыя не вытрымлівалі і проста з пірса скакалі ў ваду. Мы таксама намачылі ногі. У такім выглядзе мне адкрылася ўпершыню мора.

Паколькі жыллё загадзя мы не замовілі, то давялося шукаць яго пад вечар. У дзень святкавання знайсці жыллё было не рэальна, таму мы заначавалі ў намётах непадалёк ад аднаго з гарадскіх пляжаў пад мілагучнай назвай Учкуеўка. Тут мы змаглі пабачыць, як сонца сядае проста ў мора цягам дзвюх хвілін.

Тут жа я ўпершыню сапраўды адчула мора – блакітна-зялёнае, чыстае, велічнае і непрыступнае. На трэці дзень у пошуках жылля мы рушылі ў бок Ялты. Краявіды па дарозе ў Ялту проста радуюць вока. З аднаго боку непрыступныя горы, падобныя да халвы, з другога – блакітнае пад промнямі палячага сонца мора.

Па дарозе спыніліся ў кавярні, з тэрасы якой адкрываўся прыгожы від на мора і мыс. Пад вечар даехалі да Сімеіза, дзе знайшлі нядзейсную мячэць і парк з сапраўднымі пальмамі. Жыллё мы так і не знайшлі. І паколькі дзень блізіўся да вечара, давялося вярнуцца назад, ва Учкуеўку. Назаўтра мы рушылі ў бок Еўпаторыі.

Працяг будзе