Крыжакі пад прэзідэнцкім палацам

|

Крыжовая эпапея, гэты псеўдарэлігійны квазіпатрыятычны фарс на галоўнай сцэне краіны – ля прэзідэнцкага палацу – добра паказвае, наколькі палітычныя спрэчкі ў суседняй Польшчы далёкія ад таго, што прынята называць «сапраўдным жыццём» ці здаровым сэнсам. Сапраўды, зірнуўшы нават раз у бок лядоўні (на ёй жа ва ўсіх нармальных людзей стаіць тэлевізар) ці на польскія старонкі ў сеціве, не можаш адагнаць ад сябе два фундаментальныя пытанні.

 

Першае: ці кагосці там наогул бянтэжаць сур’ёзныя справы накшталт рэформы вышэйшай адукацыі, падвышэння пенсійнага ўзросту, мадэрнізацыі войска, будовы аўтастрад, падвышэння падаткаў, унутранай еўрасаюзаўскай палітыкі, канстытуцыйнай рэформы ці беспрацоўя? Другое: з чаго жывуць усе тыя людзі, што «бароняць крыж»? Яны наогул недзе працуюць, калі ў іх так шмат вольнага часу на «грамадзянскую актыўнасць»?

 

У гэтым сэнсе нам пашанцавала. Беларусы – бясконца эмпірычны, практычны народ. «Не-містычны», як выказаўся Валянцін Акудовіч. Вось чарка, вось шкварка, вось шафа-камандор і тахта «Пінскдрэў» – іх можна памацаць. Гэта – аргументы ў палітычнай спрэчцы, бо яны тычацца жыцця і людзей такіх, якімі яны ёсць. Гэта прагматызм, і нават у жахлівым сне я не ўяўляю беларусаў у сітуацыі, набліжанай да польскай «крыжовай вайны».

 

Стаяць удзень і ўначы (!), бараніць крыж ад святароў (!!) і пераносу яго ў суседні храм (!!!), адначасова патрабуючы неадкладнага ўсталявання помніка і абвінавачваючы ўсіх, «хто не з намі», ледзь не ў нейкім жыдакамунізме – абсалютная вяршыня маніхейства, якое магчыма толькі ў вельмі закамплексаваных народаў.

 

Нас жа ў першую чаргу турбуе, колькі каштуе перайменаванне вуліцы, а не тое, ці варта наогул мець у горадзе вуліцу ў гонар якога-небудзь МОПРа. Польскія ж нэа-крыжакі ахвотна ўскладаюць на плечы дзяржавы дадатковыя выдаткі. Трэба ж плаціць паліцыянтам, якія і ўдзень і ўночы ахоўваюць гэтых «сектантаў» – кошт працы гарадской стражы склаў ужо больш за 173 тысячы злотых. Трэба забяспечыць вулічны рух: дарэчы, як паведамілі пазаўчора польскія СМІ, вуліцу Кракаўскае Прадмесце, дзе стаіць палац, мабыць, зачыняць для транспарта. Справа ў тым, што нядаўна адзін пенсіянер там кідаўся слоікамі з экскрэментамі, а іншы размахваў гранатай…

 

І яшчэ пытанне: якую ролю ва ўсім гэтым адыгрываюць СМІ? Спрэчка пра крыж – выдатная журналісцкая даўгаграючая кружэлка. З яе можна пачынаць і ёю кончыць навіны. Твары «патрыётаў» ды «здраднікаў» у экстазе: «Мы трапілі ў скрыню!». Цікава, колькі б пратрымаўся гэты спектакль, калі б медыі перасталі ім цікавіцца?

Фото: newscity.info