Адзін з буйнейшых кірмашоў адрадзіўся на Гарадзеншчыне

|

Правядзенне кірмаша ў гэтым годзе – гэта вынік сумесных намаганняў адміністрацыі пасёлка і праекта Еўрапейскага Звяза і ПРААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні». Кірмаш стаў вельмі важнай і жаданай падзеяй у жыцці пасёлка і быў скіраваны на ажыўленне эканомікі раёну. У гэтым годзе ў падрыхтоўцы да яго прыняла ўдзел амаль усё насельніцтва пасёлку.

Ганенскі кірмаш мае дастаткова доўгую гісторыю і даўнія традыцыі. З 2001 года ён атрымаў новае дыханне, але з захаваннем традыцыйных звычаяў. Акрамя гандлю на кірмашы ў пасёлку праходзілі розныя святочныя мерапрыемствы: рыцарскія турніры, конкурсы і гульні, вялікая канцэртная праграма з выступамі гуртоў «Корна копія», «Сваякі», «Очи чёрные», «Малінаўка» і шоу «Восточное».

Як распавёў піяр-каардынатар свята Вячаслаў Смірноў, на кірмаш з’ехалася вельмі шмат гасцей – налічвалася каля 5 тысяч удзельнікаў. “Мы нават і не чакалі такога ажыятажу”, – дадаў Вячаслаў. Па яго словах, арганізатары свята зрабілі ўсё, каб усім удзельнікам кірмашу было прыемна адпачыць і акунуцца ў атмасферу XVIII стагоддзя. “Мы адрадзілі шмат народных забаў, якія несправядліва былі забытыя. Напрыклад, бой падушкамі на бервяне, лоўля рукамі карпаў у ражачцы, спроба дастаць віламі са старабеларускай печы чыгунок  з завязанымі вачыма і шмат іншых цікавых забаў”.

>

Сярод шматлікіх мерапрыемстваў кірмаша можна адзначыць майстар-клас народнага танцу, спектакль тэатра “Батлейка”, выступ духавога аркестру і цырка, конкурс анекдотаў, горад майстроў, конкурс коней, спабор у афармленні фурманак, конкурсы на лепшае афрмленне двароў і балконаў у стылі XVIII стагоддзя. Таксама быў праведзены баль-маскарад. Права на бясплатны ўваход на дыскатэку атрымалі жыхары, касцюм ці атрыбут касцюма якіх быў выкананы ў стылі XVIII стагоддзя. Некаторыя ўдзельнікі свята шылі касцюмы самастойна, таксама іх можна было б набыць у раённым ўнітарным прадпрыемстве бытавога абслугоўвання, які наладзіў выраб касцюмаў спецыяльна да свята.Візітнай карткай кірмашу стала  выстава-продаж зэльвенскіх караваяў.

“Гэта мясцовае свята, якое, як мы плануем, будзе праводзіцца штогод”, – зазначыў Вячаслаў Смірноў.

 

Фотаздымкі з http://www.ecorazvitie.by