Да Крыма – на колах. Працяг
Нам пашчасціла пасяліцца ў самым цэнтры Еўпаторыі, у невялічкім трохпакаёвым доміку з «адэскім» дворыкам, што па вуліцы Т. Шаўчэнкі. Адсюль да мора было ўсяго 5 хвілін ходу.
Хадзіць да пляжа заўсёды было прыемна, паколькі дарога ішла праз зялёныя прысады, а значыцца быў цянёк. Кожны дзень сонца пякло проста невыносна. У цяньку было больш за 40 градусаў цяпла, на сонцы здаралася ажно 57 градусаў! Таму загараць даводзілася раніцай і пад вечар.
Мора ў Еўпаторыі плыткае, але вельмі бруднае. З кожным днём усё больш і больш на пляжы з’яўлялася водарасцяў. Таму ў адзін з выхадных дзён вы вырашылі паехаць на паўночны захад Крыма у вёску Алянёўка. Выехалі мы каля абеду, таму патрапілі ў самае пекла. Дзякуй Богу, у машыне працавалі кандыцыянеры.
На паўночным захадзе Крыма прырода вельмі адрозніваецца ад прыроды паўднёвага ўзбярэжжа паўвострава: навокал толькі стэпы, населеныя пункты трапляюцца рэдка. Жыццё ў гэтай частцы паўвострава ёсць толькі ўздоўж узбярэжжа, каля мора. Алянёўка – адна з прыморскіх глухіх вёсак. І жыццё тут бурліць, дзякуючы мору.
>
Такога празрыстага сіняга мора да гэтага бачыць не даводзілася. На беразе стаяць пясчаныя скалы, з вышыні якіх бачна дно. У шчылінах скалаў хаваюцца крабы, у гротах можна натрапіць на мядузаў.
У некаторых месцах мора плыткае, а ў некаторых са скалы ідзе адразу абрыў метраў на 8 углыб. Таму плаваць тут трэба асцярожна. Большасць адпачываючых прыязджаюць сюды адмыслова займацца дайвінгам. І сапраўды, мора гэтаму спрыяе.
У Еўпаторыі выпала схадзіць у дэльфінарый. Розум дэльфінаў проста ўражвае. Яны здольныя рабіць, здавалася б, такія неверагодныя рэчы, што часам нават даводзяць гледачоў да слёз.
Тут, у Еўпаторыі, збылася мая даўняя мара – пабачыла месяц у тэлескоп. А якое неверагодна прыгожае мора ноччу ў свеце месяца! Так і хочацца прайсціся па месяцовай сцежцы далёка за небасхіл. У апошні дзень выехалі ў адкрытае мора.
Калі разумееш, што пад табою дзесяткі метраў вады, становіцца рэальна не па сабе. Але немагчыма перадаць тое, што адчуваеш, калі боўтаешся, як паплавок у вадзе, і лапаеш чорна-сінія хвалі.
Праехалі Украіну з поўначы на поўдзень, Крым – з поўдня на паўночны захад, і зразумелі, што Крым – гэта ні Україна, ні Расія. Крым – гэта асобная краіна, краіна кантрастаў, са сваімі традыцыямі, правіламі, своеасаблівым складам насельніцтва, разнастайнай прыродай.