Дзяржава «адарвецца» па поўнай!

|

І не мудрагеліста – паслугі ЖКГ тычацца ўсіх, гэтую тэму не абыйдзеш і не аб’едзеш. Паэтапны пераход ад крыжаванага субсідавання тарыфаў на энерганосьбіты да 100% пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на забеспячэнне энергіяй прадугледжаны стратэгіяй развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі, зацверджанага пастановай ураду ад 9 жніўня 2010 году № 1180.

 

У прыватнасці ў дакуменце сказана: «Тарыфы на энергію павінны ўлічваць эканамічныя інтарэсы вытворцаў і спажыўцоў энергіі і ствараць стымулы для максімальнай эканоміі энергіі на ўсіх стадыях яе вытворчасці і спажывання, падвышэнні эфектыўнасці выкарыстання вытворчых магутнасцяў».

 

Але мала што гаворыцца пра «эканамічныя інтарэсы» радавых спажыўцоў. Ёсць, праўда, нататка, што падвышэнне коштаў (тарыфаў) на энерганосьбіты будзе здзяйсняцца пакрокава на працягу ўсяго адведзенага часу з улікам росту рэальных прыбыткаў насельніцтва.

 

Не варта ашуквацца. Зараз (па афіцыйных дадзеных) мы плацім каля 30% кошту паслуг. За тры гады рэальныя прыбыткі асобных груп насельніцтва, безумоўна, могуць павялічыцца адпаведна. І мы добра ведаем гэтыя «групы». А усім астатнім прыйдзецца аддаваць добрую палову заробку за камуналку.

 

Паэтапная ліквідацыя да 2014 году крыжаванага субсідавання будзе выглядаць гэдак:

– з 2013 году прадугледжана адмена палёгкавых узроўняў коштаў (тарыфаў) на прыродны газ і энергію для асобных юрыдычных устаноў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Дарэчы, такіх «ільготнікаў» сярод юрасоб вельмі мала;

– давядзенне тарыфаў на энергію для насельніцтва да ўзроўню 100-адсоткавага пакрыцця выдаткаў: на прыродны газ для патрэб ежапрыгатавання – да 2011 году, для патрэб ацяплення – да 2014 году; на электрычную энергію – да 2013 году; на цеплавую энергію – да 2014 году.

 

В.Ю. Пятроўская, эканаміст: З аднаго боку, гэта цалкам лагічна, у сярэднестатыстычнага еўрапейца аплата жылля складае палову заробку. Праўда, другой паловы хапае на ўсё – і на страхоўкі, і на паесці-апрануцца, і на адпачынак… Не ведаю, як і чым будуць плаціць бедныя пенсіянеры. Кватэры ім прыйдзецца прадаваць, ці што. Маса людзей мае вельмі нізкія прыбыткі, часам сям’я з трох чалавек жыве на 1 млн. Гэта многіх «падкосіць».

 

Алена Васілеўна, пенсіянерка: З такой палітыкай у краіне рэзка скароціцца колькасць пенсіянераў. Вымруць.

 

Іна, студэнтка: Мяне гэтыя пытанні мала хвалююць. Эканоміка ніколі не можа «задаволіць» усіх, камусьці ад новаўвядзенняў – лепш, камусьці – горш… Гэта закон грамадства…