Замалёўкі са шпітальнага ложку

|

Вось і мне прыйшлося адправіцца на фізіапрацэдуры, а заадно падчас сеансу (каля паўгадзіны) пачуць шмат цікавага пра нашу медыцыну ад саміх жа медыцынскіх працаўнікоў. На мяне, як на хворага, яны не звярталі ўвагі, таму інфармацыя «не фільтравалася» і плыўна цякла ў мае вушы. Медыцынская «праўда» апынулася горшай, чым мне ўяўлялася. Пра тое, што зарплаты дактароў, якія па 6-7 гадоў сушылі мазгі ў ВНУ, а пасля іх заканчэння нясуць поўную адказнасць за жыццё людзей, цалкам супастаўная (а часам і ніжэй) з зарплатай алкашоў-грузчыкаў, вядома ўсім. Але што пры гэтым адчуваюць «дзеці» Гіпакрата неяк і ў галаву не прыходзіць. Агідна яны сябе адчуваюць, скажу я вам.

Але гэта не інфармацыя, а так, прэлюдзія…

Галоўная навіна, якая абмяркоўвалася сёння, краналася нейкага загаду (або пастановы) Мінздрава аб тым, што забараняецца выкарыстоўваць пратэзы імпартнай вытворчасці. Дарэчы, пратэзіруюць не толькі зубы, але і ногі, і рукі, і іншыя часткі цела. Аб чым мы не задумваемся, пакуль саміх не кране. Дактары лаялі беларускія пратэзы, спачувалі хворым і здзіўлена паціскалі плячыма.

І тут хтосьці ўзгадаў, што забарона таксама распаўсюджваецца і на інсулін. Беларускі ж «аналаг», па словах дактароў, у параўнанні са сваім замежным «сябрам» – што мёртваму прыпарка. Аднак беларусу, напэўна, выбіраць не прыйдзецца. Купляйце беларускае… На хвіліначку зазірнуўшы да калег, кругленькі доктар-неўрапатолаг з усмешкай нагадаў як некалькі гадоў таму было абмежавана выкарыстанне спірту ў лячэбных мэтах. У выніку, у большасці хворых і хірургаў (спірт – выдатны антысептык) на т.з. «замяніцель» развілася страшэнная алергія. Але Мінздрав, верагодна, лічыў, што спірт у медыцыне ўжываецца выключна пераральна.

Цудоўная медсястра ўзросту саспелай вішні, пляснуўшы рукамі, не без усмешкі ўзгадал пра тое, як забаранілі карыстацца «уласнымі» сістэмамі для пералівання і шпрыцамі, якія прыносілі хворыя.

– Уяўляеце, – звярнулася яна да мяне, – чысла 20-21-га кожнага месяца ўсе «дзяржаўныя» шпрыцы і сістэмы канчаюцца, а ў хворых мы браць не маем права!

– Бязглуздіца! – Цяжка было ўтрымацца ад рэплікі.

– Менавіта – бязглуздіца. – Пагадзілася «вішня». – Што хвораму казаць? Ты, даражэнькі, напрыканцы месяца – здраровы, а з пачатку наступнага месяца – зноў можаш хварэць?

Ды што гаварыць! Нягледзячы на велічэзныя сусветныя дасягненні нашых медыкаў (гэта я без іроніі гавару), на бытавым «штодзённым» узроўні і мы, простыя хворыя, і яны, радавыя ўчастковыя, застаемся нейкімі абдзеленымі. Узяць хоць бы рэцэпт, фота якога мы паставілі на пачатку артыкула. Ён выпісаны на этыкетцы ад… цыгарэт. Паліграфічны брак тытунёвая фабрыка не прыняла, вось і выпісваюць гарадзенскія дактыры рэцэпты лекаў на адыходах «смяротнанебяспечнай» прамысловасці.

Можна, вядома, да гэтага ставіцца па-філасофску: чаго ж добрай паперы знікаць. Можа быць і так, але ёсць у гэтым нешта недасканалае, як і ва ўсім ладзе нашага псеўдабеларускага быцця…

Л.Леонт

Фота Ланы Руднік