Балгарыя – “няпэўная” краіна для турыста

| Без катэгорыі

Ва ўсялякім разе нам казалі, што балгары робяць такія рухі. Казаць «так» і адначасова круціць галавой «не», было даволі складана, бо сам не разумеў дакладна, што ты маеш на ўвазе. Аднак праз колькі хвілінаў прызвычайваўся да такой асаблівай няпэўнасці ў тым, што кажаш.

 

Гэтым летам упершыню атрымалася разам з сям’ёй наведаць Балгарыю, горад Несебр. Дакладней, пасёлак пад Несебрам, які называецца Святы Ўлас.

Адразу скажу, што ў цэлым мне спадабалася адпачываць там і таму пастараюся ў некалькіх матэрыялах расказаць пра свае ўражанні ад Балгарыі, балгараў і адпачынку.

 

Кажуць, што такая традыцыя хістання галавой заклалася ў балгараў у часы турэцкага панавання. Звязана гэта было з тым, што калі прыязджалі туркі і пыталі ў балгараў, ці ёсць сярод іх хрысціяне, то балгары дамаўляліся між сабой і ўсе, як адзін, матлялі галавой з боку ў бок, што для туркаў азначала «не». А калі пыталі ў балгараў ці вы мусульмане – усе хісталі галавой зверху ўніз, што туркі разумелі як «так».

 

Але для балгараў адзін і другі рух галавой азначалі адваротнае. Туркі і не здагадваліся, што тыя такім чынам 500 год іх дурылі. З тых даўніх часоў балгары і засвоілі “так” як “не” і “не” як “так”.

Балгары свядома выбралі некалі для змагання з туркамі-прыхаднямі спосаб паводзінаў і зараз выкарыстоўваюць яго часам у дачыненні да турыстаў, якія прыязджаюць сюды з розных краінаў свету.

 

Асабліва вялікая колькасць расейцаў і, я вельмі быў здзіўлены, палякаў. Польскую мову ў Несебры, Сонечным беразе і ў Святым Уласе можна пачуць ці не часцей за расейскую. Чуваць таксама і нямецкую і ангельскую, але радзей.

>

У час кантактаў з мясцовым насельніцтвам турысты часта адчуваюць няпэўнасць, паколькі дакладна ня ведаюць, што балгарын адказвае і як, па-еўрапейску ці па-балгарску, яму адказваць.

 

На самой справе балгары, калі кажуць “не” – матляюць галавой так як мы, калі хочам паказаць “так”, а калі кажуць “так”, то робяць рух, які не зусім падобны да нашага “не”.

Гэты рух нагадвае рух няпэўнасці. Не дакладна – “не”, а такое своеасаблівае “можа быць”. Гэты няпэўны рух галавы я часцяком бачыў раней у індусаў з папулярных у маім дзяцінстве індыйскіх фільмах.

Няпэўнасць – гэта добрая глеба для таго, каб “разводзіць” турыстаў.

З-за гэтых няпэўных рухаў галавы некалькі разоў трапіў у не надта прыемныя сітуацыі.

 

Выпадак першы: абменьваем грошы

Заходжу ў абменнік, станаўлюся за чалавекам, які мяняе грошы. Чую ламаную ангельскую і польскае мацюканне.

 

Малады паляк мяняе еўра. Пытаецца, ці ёсць у банку камісія (пра гэта варта пытацца, бо ёсць банкі без камісіі і банкі, якія бяруць дадатковую плату за тое, што мяняеш у іх грошы). Бачым няпэўныя рухі галавы касіркі, якія па-балгарску азначаюць «так», а “па-нашаму” – не.

 

Курс 1 еўра = 1.95 лева.

 

Хлопец падае 100-еўравую паперку, распісваецца ў квітку і атрымлівае на рукі 165 леваў!

Пытаецца, дзе астатнія грошы, бо курс 1.95. Аказваецца, камісіі ў банку сапраўды няма, але курс 1.95 – гэта курс продажу еўра, а купляе банк па курсу 1.65 за еўра.

 

У акенцы банку сядзіць ладная дзяўчына, усміхаецца і хістаючы галавой «па-еўрапейску» адмаўляецца вярнуць еўры, бо той паляк ужо распісаўся ў паперцы і, значыць, быў згодны памяняць па тым малым курсе.

 

Спрабуем разам абараніць правы паляка, але ўсё марна.

Дзяўчына ўсміхаецца, паказвае паперку з подпісам і няпэўна хістае галавой.

Я разумею, што трэба правяраць не толькі тое, ці бяруць камісію, але і курс продажу і курс куплі ў кожным з банкаў, бо розніца курсаў можа быць даволі вялікай.

 

Працяг гісторыі ў наступным выпуску.

 

Фота Ланы Руднік