На беларускай мове ў Гродна будзе вучыцца толькі адна першакласніца

|

Такі варыянт вырашэння праблемы на бліжэйшыя чатыры гады прапанаваў бацькам кіраўнік аддзела адукацыі Ленінскага раёна сп. С.Ламека.

Маці дзяўчынкі Аксана Астроўская распавяла “Твайму стылю”:

Света будзе мець індывідуальна 6 гадзін на тыдзень беларускай мовы, 4 гадзіны матэматыкі, гадзіну прадмета “Чалавек і свет” (усё па-беларуску) і гадзіну рускай мовы па праграме беларускамоўнага класа.

Гэтыя прадметы хутчэй за ўсё падзеляць паміж двума настаўнікамі.

Фізкультурай, рытмікай, выяўленчым мастацтвам і спевамі Света будзе займацца разам з сваімі рускамоўнымі аднакласнікамі.

Асабіста я вельмі задаволеная такім рашэннем.

Добра, што Света частку навучання будзе праходзіць разам з астатнімі дзеткамі.

Ёй хацелася ісці ў школу, яна вельмі любіць вучыцца. Свеце, зразумела, хочацца вучыцца ў класе, але па-беларуску вучыцца таксама хочацца.

Ідэалам было б, канешне, каб іншыя бацькі таксама запісаліся ў беларускамоўны клас, аднак іх нежаданне гэта рабіць я разумею.

Людзі не бачаць перспектывы навучання на беларускай мове, бо няма беларускамоўных ВНУ, таму бацькі хочуць, каб дзеткам іх было лягчэй.

Нагадаем, за пікет з патрабаваннем стварэння ў Гродна беларускамоўных класаў, на бацькоў Светы Астроўскай (прафесара Алеся Астроўскага і яго жонку Аксану), а таксама журналіста Уладзіміра Хільмановіча складзены пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні.

Пікетоўшчыкам пагражае папярэджанне альбо штраф да 280 тысяч рублёў.

На фота: Аксана Астроўская разам з дзецьмі на пікеце.

Фота з сайта http://www.svaboda.org/