У Лідзе знішчаная магіла расстралянага ў 1863 годзе святара

|

Даведаўшыя пра здарэнне, актывісты Моладзі БНФ і моладзевага крыла ТБМ на месцы магілы запалілі знічкі.

Адзін з удзельнікаў акцыі:

“Гэта проста жудасны ўчынак.

Але яшчэ больш жудаснае тое, што лідскае грамадства не паказала аніякай рэакцыі з гэтай нагоды.

Уся сітуацыя наштурхоўвае нас на думкі аб тым, што беларуская нацыя, некалі змагарная і мужная, папросту пачала дэградаваць.

Бо калі людзям абыякавая гісторыя і магілы продкаў – ім абыякавая і іхняя будучыня. А гэта і ёсць маральная смерць”.

Лідскія грамадскія актывісты заклікаюць неабыякавых людзей штовечар прыходзіць на месца магілы і ўшаноўваць памяць Адама Фалькоўскага хаця б запальваннем знічак.

Між тым, БЕЛТА паведаміла пра намеры ўладаў усталяваць на месцы пахавання святара памятны знак.

Паводле Вікіпедыі, кс.Адам Фалькоўскі (1812-24 чэрвеня 1863) падчас паўстання быў пробашчам парафіі Ішчолна.

Арыштаваны 3 траўня 1863 за тое, што зачытаў маніфест паўстання і заклікаў жыхароў узяць у ім удзел. Пазней тлумачыў, што рабіў гэта пад пагрозай пакарання з боку паўстанцаў.

Расстраляны ў Лідзе ля дарогі на Крупы.

Месца пахавання святара людзі аблажылі камянямі, якія шмат разоў раскідвала паліцыя.

3 траўня 1919 лідскі дэкан Гіпаліт Баярунец пасвяціў на магіле жалезны крыж, зафундаваны чыгуначнікам Стэфанам Лоўкісам.

У 1932 пастамэнт крыжу быў адрамантаваны магістратам горада Ліды. Таксама імём ксяндза была названая адна з вуліц, прылеглых да помніка.

У 1940 савецкія ўлады знеслі крыж і зруйнавалі магілу Адама Фалькоўскага.

2 лістапада 1996 сябры лідскай арганізацыі БНФ «Адраджэнне» асвяцілі ў фарным касцёле і ўсталявалі на магіле Адама Фалькоўскага драўляны 5-мятровы крыж, які быў знесены праз 2 дні. 6 траўня 1997 крыж быў усталяваны паўторна, але яго знеслі ў той самы дзень.

22 чэрвеня 1997 БНФ зноў усталяваў крыж. За гэтую акцыю 6 чалавек былі арыштаваныя, а крыж знесены.

11 ліпеня 1998 сябры Згуртавання лідскай моладзі імя Гедыміна ў чацьвёрты раз усталявалі крыж на магіле ксяндза Адама Фалькоўскага, праз тры дні крыж быў знесены.

Паводле http://moladz.by

На фота: Месца пахавання кс. Адама Фалькоўскага ў лідскім парку

Фота з сайта LIFELIDA.COM