Мерапрыемства, якога няма
Аб мэтах сходу, падрабязнасцях яго правядзення, задачах, якія ставіць перад сабою абласное кіраўніцтва і высновах, якое яно (кіраўніцтва) збіраецца зрабіць з бацькоўскіх пажаданняў, а таксама аб кроках па выкананні гэтых пажаданняў ТС і вырашыў даведацца ў аддзеле адукацыі аблвыканкама.
Аддзел адукацыі ў твары 1-га намесніка Веры Віктараўны Грышэчка, быў вельмі раздражнёны нашай дапытлівасцю і паслаў, куды далей:
– Ужо ўсё аб усім ведаюць! А вы наогул – чые?
Пачуўшы што «Твой стыль» – свой уласны, аддзел адукацыі чмыхнуў і трубку кінуў.
Наведванне сайта, дзе праводзіцца он-лайн сход, прынес наступныя вынікі:
– сайт уяўляе з сабе «Форум», накшталт вядомага першага Гарадзенскага форума;
– заяўлена 25 тэм: пра школьную форму, як падвысіць аўтарытэт настаўніка, аб 10-бальнай сістэме адзнак і інш. надзённыя пытанні сям’і, выхавання і адукацыі;
– тэмы абмяркоўваюцца бацькамі, часам «пяць капеек» у сваю абарону ўстаўляюць настаўнікі.
Напрыклад:
«Чаму нашы дзеці мерзнуць у школах? У класах тэмпература 10-13 градусаў. Мы разумеем, што трэба эканоміць, але ж не на здароўе дзяцей».
«Разам з дзецьмі не горача і настаўнікам, аб іх таксама не мяшае сказаць».
А вось яшчэ:
«Наколькі можна ўвесці ў штатны расклад школ адмыслоўца, у кампетэнтнасць якога ўваходзіла б даследванне і маніторынг стану здароўя дзяцей?»
«…Бацькі павінны ў першую чаргу займацца здароўем сваіх дзяцей і рэгулярна праводзіць медабследаванні сваіх дзяцей. Атрымоўваецца, што пра дыягназы дзяцей павінны ведаць усё настаўнікі?»
Прысутнасці выканаўчай улады на forum.grodno-region.edu.by не назіраецца. Аднак жа мерапрыемства ў сферы адукацыі і выхавання праводзіцца! Спрытна прыдумана…
А.Раўбецкая
Калаж edusite.ru