Андрэй Лянкевіч узнагароджаны персанальнай выставай у FOTO KVARTALS gallery
«У гэтым годзе на фэсце зладзілі конкурс партфоліа маладых фатографаў з усяго свету.
Удзельнічалі фатографы з Беларусі, Расіі, Ірану, Англіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі ды іншых краін.
Было адабрана 100 працаў. Лепшых з іх адбіралі 12 экспертаў, таксама з усяго свету», — расказаў «Нашай Ніве» Андрэй Лянкевіч.
Новай зоркай каўнаскага фэсту стаў французскі фатограф Эрык Лусіта, які аб’ехаў постсавецкія краіны ад Усходняй Германіі да Манголіі, дзе здымаў закінутыя вайсковыя базы.
Андрэй Лянкевіч узнагароджаны персанальнай выставай у FOTO KVARTALS gallery (Ryga, Latvia), якая пройдзе ў 2011 годзе.
Фатограф азнаёміць гасцей выставы з серыяй «Беларускае Паганства».
Акрамя таго, у наступным нумары часопіса «Foto Kvartals» будзе надрукаваная падборка фотаздымкаў з партфоліа Лянкевіча, якія прынеслі яму перамогу.
Серыя «Беларускае Паганства» да канца месяца мае выйсці асобным фотаальбомам.
Андрэй Лянкевіч нарадзіўся ў 1981 г. у Гродне.
Мае ступень бакалаўра гуманітарных навук у галіне эканомікі, атрыманую ў БДУ.
У 2004—2005 вучыўся ў «Caucasus Media Institute» на сэмінары «World Press Photo» у Ерэване, Арменія.
У якасці адной з частак праграмы некалькі месяцаў жыў і вандраваў з меншасцю езідаў у Арменіі, ягоны выніковы фотапраект пра жыццё езідаў быў уганараваны прэміяй.
Выкладае курс па фотажурналістыцы ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Літва).
Ад 2005 году супрацоўнічае з «European Press Photo Agency» (EPA), у 2007 далучыўся да «Anzenberger agency».
У 2001—2008 гадах супрацоўнічаў з незалежнай беларускай газетай «Наша Ніва».
Ягоныя працы тасама публікаваліся ў такіх міжнародных СМІ як «New York Times», «Le Figaro», «Newsweek», «Die Zeit», «Spiegel», «GEO», «GEO Lino», «International Herald Tribune».
Паводле http://nn.by