Футбол на колах
У Адкрытым чэмпіянаце Беларусі па гэтым відзе спорту гонар гораду бароніць каманда «Азот».
На мінулых выходных гарадзенцы прымалі на сваім полі гасцей з літоўскага гораду Бартува і ўпэўнена перамаглі з лікам 8 – 0.
>
Гісторыя гэтага дзіўнага віду спорту (уявіце сабе матацыклістаў, якія на хуткасці часам пад 100 км на гадзіну ганяюць мяч дыяметрам 40 см!) распачалася ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя ў Францыі.
У 30-я гады эстафету ад французаў перанялі англічане, немцы, бельгійцы, італьянцы.
«Азот» супраць «Бартувы»
Першая беларуская матабольная дружына была заснаваная ў 1966-м г. на базе Мінскага мотавелазавода.
Сёння Беларусь – адна з наймацнейшых матабольных каманд Еўропы. У 2004-м годзе нашыя хлопцы былі чэмпіёнамі кантыненту, яшчэ некалькі разоў выйгравалі срэбраныя і бронзавыя медалі.
«Твой стыль» звязаўся з трэнерам «Азота» Яўгенам Кашкахам:
– Калі быў заснаваны гарадзенскі матабольны клуб і якімі дасягненнямі ён можа пахваліцца?
– Каманда «Азот» узнікла ў 1997-м г. З таго часу мы 4 разы былі прызёрамі чэмпіянатаў Беларусі, столькі ж разоў гулялі ў фінале Кубка краіны. Два гульцы каманды выступаюць за нацыянальную зборную Беларусі. Адзін з іх, Віталь Кашкаха – чатырохразовы прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
– Гэта Ваш сын?
– Так.
– Калі і дзе можна будзе наступным разам убачыць матабол у Гродне?
– Наш стадыён знаходзіцца за апошнім прыпынкам тралейбусаў ля вытворчага аб’яднання «Азот», непадалёк ад ціра.
29-31 кастрычніка мы ладзім традыцыйны міжнародны турнір з удзелам каманд з Беларусі, Літвы, Масквы і, магчыма, Украіны. Запрашаем!
– Як Вас прадставіць нашым чытачам? Вы галоўны трэнер каманды?
– І галоўны трэнер, і начальнік, і механік, і таваразнаўца і «даставала»! Як не назавеце – усяляк будзе правільна!
У гульні з літоўцамі лепшым на полі ў складзе гарадзенцаў быў, як і мае быць, Віталь Кашкаха.
На яго рахунку – шэсць галоў!
Фота: prosto-free, autogrodno.by