Аляксандр Мілінкевіч не будзе балатавацца ў прэзідэнты

|

Прычынаў адмовы дзве.

 Асноўная заключаецца ў тым, што 14 верасня 2010 старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ніякіх зменаў у заканадаўства ўносіцца падчас кампаніі не будзе.

Гэта была адна з галоўных умоў удзелу Мілінкевіча ў выбарах.

«Не хачу ўдзельнічаць у спектаклі, дзе адзін рэжысёр і сцэнарыст, не хачу быць статыстам», — заявіў Мілінкевіч.

Другая прычына заключаецца ў адсутнасці адзінства ў апазіцыі.

Аляксандр Мілінкевіч не спыніць палітычнай і грамадскай дзейнасці.

У гэтай выбарчай кампаніі ён будзе падтрымліваць блок трох праеўрапейскіх кандыдатаў — Алеся Міхалевіча, Рыгора Кастусёва і Юрыя Глушакова.

17 верасня прадстаўнікі блоку і Мілінкевіч падпісалі пагадненне Грамадзянская акцыя «Беларускі выбар».

Лідар Руху «За Свабоду» будзе ўдзельнічаць у зборы подпісаў, пікетах і сустрэчах з выбаршчыкамі.

Як пісаў “Твой стыль”, 14 верасня, гарадзенская філія руху “За Свабоду” заклікала ахвотных далучыцца да збору подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты … прадстаўніка БНФ Рыгора Кастусёва!

Такім чынам, у спісе патэнцыйных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта застаюцца два ўраджэнцы Гарадзеншчыны: лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімір Някляеў (паходзіць са Смаргоні) і намеснік старшыні Аб’яданай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук (нарадзіўся ў Сапоцкіне).

Паводле http://nn.by

Фота з сайта http://uisrussia.msu.ru