СТОП. Гісторыя чырвонага гузіка
Гэты чырвоны гузік нельга было націскаць ні ў якім выпадку. Нашая маладая настаўніца зрывалася на крык, калі хтосьці задаваў рэзоннае пытанне: “а чаму?” ці “а што здарыцца?” Нельга было націскаць чырвоны гузік з надпісам СТОП.
Нават самыя ўпартыя дзяўчынкі і самыя вялікія хуліганы ў класе баяліся націснуць гэты гузік. А раптам кампутар зламаецца? А раптам завісне? Хаця, вядома, што баяліся зусім не гэтага.
Насамрэч баяліся таго, што пра парушэнне забароны даведаецца настаўніца.
Мінула больш за 10 гадоў, але гузік з надпісам СТОП перыядычна ўзнікае перад вачыма. У нас шмат чаго нельга, нібыта “дарослыя”, нібыта “настаўнікі” не могуць нам патлумачыць чаму гэтага нельга, яны зрываюцца ў гістэрыку.
Пад час прыезду Галоўнага Настаўніка нельга адкрываць форткі і нармальна перасоўвацца па горадзе. У бізнэсе нельга не парушаць законы. Інакш атрымаеш ярлык “самага разумнага” і позву.
Нельга бяз ведама і дазволу зверху біць па руках дзяржаўных рабаўнікоў, бо ўсе ведаюць што ў цябе пяць патронаў у кішэні.
У маленькім гарадку нельга вырашаць маленькія праблемы самастойна ці прымушаць рабіць гэта тых, хто мусіць гэтым займацца – нельга змушаць да чаго-кольвек людзей з асобным кабінетам і вусатым партрэтам, гэта ж гвалт. А за гвалт – артыкул “згвалтаванне”, які перакваліфікуюць у “наркатычную” справу (“почём опиум для народа?”), якую ў сваю чаргу перакваліфікуюць у махлярства.
Мы ўсе ведаем, чаго нельга. Мы ўсе ведаем, што бывае за парушэнне гэтага “нельга”. Але ніхто нам не ў стане патлумачыць, чаму гэтага нельга.
Што кепскага ў адкрытай фортцы? Што кепскага ў паспяховым бізнэсе? Ці стане колам дзяржаўная машына, калі за краты трапяць трое карупцыянераў?
Што будзе з нашай краінай, калі ў маленькім гарадку паставяць 28 ліхтароў на цёмных вуліцах за грошы, сэканомленыя, напрыклад, на верталётным ваяжы аднаго чыноўніка над палеткамі дзятлаўшчыны і слонімшчыны?
А што там з гузікам? Знайшоўся чалавек, які ўсё ж дачакаўся моманту, больш таго – вырашыўся і… націснуў чырвоны гузік з надпісам СТОП. І што адбылося? Ні-чо-га. Абсалютна нічога.
Прынамсі знешне ў той момант у свеце і асобна ўзятым кампутарным класе са старымі “Карветамі” нічога не здарылася. Ці азначае гэта што кнопка не дзейнічала?
Не факт. Вядома, з тым школьным чырвоным гузікам СТОП было неяк прасцей.
І настаўніца была не ў стане сачыць абсалютна за ўсімі.