Чароўныя паштоўкі гарадзенскіх посткросераў

| Без катэгорыі

Маргарыта стала аматаркай посткросінга са жніўня. Аб гэтай з’яве дзяўчына даведалася з інтэрнэту, там жа знайшла аднадумцаў.

 

Па яе словах, у Гродне сёння шмат аматараў гэтага руху.

Яны падтрымліваюць зносіны паміж сабой праз гарадзенскі Форум праз спецыялізаваныя тэмы “Укантакце”.

А для аб’яднання пасткросераў з усяго свету існуе спецыяльны сайт, на якім кожная краіна мае свой рэйтынг.

Беларусь на гэты момант знаходзіцца на 24 месцы.

 

Зорка на Эйфелевай вежы

 

Чалавек, які рэгіструецца на сайце посткросераў, у інфармацыі пра сябе піша, якую катэгорыю паштовак ён хацеў бы атрымліваць.

 

Маргарыта пазначыла, што ёй падабаюцца паштоўкі з Майклам Джэксанам і Эйфелевай вежай. І калі францускае інжынернае цуда ён высылалі адразу некалькі чалавек, то знайсці выявы з Майклам Джэксанам аказалася праблематычна. Таму ў дзяўчыны не так і шмат вырабаў з памерлай зоркай.

Але ж не абавязкова, што будуць высылаць толькі тое, што людзі жадаюць атрымліваць. Гэта ўжо як пашанцуе і ў каго якія магчымасці.

 

– Да той пары, пакуль ты не атрымаеш паштоўку і не адзначыш яе спецыяльным нумарам, яна лічыцца незарэгістраванай. Усё б добра, але шмат якія паштоўкі месяцамі ідуць па свеце, пакуль дойдуць да адрасату. І не вельмі зразумела, чаму да Ханты-Мансійску адпраўленае даходзіць хутчэй, чым да Масквы.

 

А прыходзяць да нас часцей за ўсё паштоўкі са Штатаў. Таксама вельмі любяць пасылаць і адпраўляць фіны. Яны ў гэтай справе лічацца людзьмі з багатай фантазіяй.

>

 

Дзе знайсці Бацьку

 

Адна з праблем для гарадзенскіх і ўвогуле беларускіх посткросераў – амаль што поўная адсутнасць сапраўды цікавых нацыянальных паштовак.

 

Можна нешта знайсці ў “Алмі” ці ў Каробчыцах, нешта зрабіць на замову, але гэта будзе кропля ў моры.

Маргарыта кажа, што некаторыя атрымальнікі цікавяцца паштоўкамі з беларускай тэматыкай, але прыстойнага мала.

 

Ёсць Белавежская пушча, ёсць гарадзенскія адметнасці. Некаторы час таму прадстаўніца гарадзенскага руху ездзіла ў Францыю. Вось там, яна кажа, сапраўдны рай для посткросераў.

 

Між іншым, па свеце шмат людзей збіраюць цэлыя калекцыі з паштовак прэзідэнтаў, манархаў і іншых уладароў. Яны вельмі цэняцца ў іншых краінах. Але ж паштовак з прадстаўнікамі беларускай улады чамусьці не выпускаюць.

Паштоўкі бываюць не толькі пакупныя, але яшчэ і сэлф-мэйд ці хэнд-мэйд. Гэта значыць, яны надрукаваныя на друкарцы ці створаныя сваімі рукамі.

 

Аднак большая частка посткросераў абавязкова піша “Толькі не сэлф-прынт ці хэнд-мэйд”, адзначае Маргарыта. Хаця вось сэлф-мэйд паштоўка з Майклам Джэксанам Маргарыце, вядома, вельмі спадабалася.

 

Лічыцца дурным тонам пасылаць пустыя, непадпісаныя вырабы. Ніхто не любіць атрымліваць такое. Людзям падабаецца, калі на паштоўках штосьці напісана ці намалявана. Яшчэ лепш, калі будзе некаторая інфармацыя пра адпраўляльніка.

 

Я прачытаў на адваротным баку адной з паштовак надпіс sorry for boring – «выбачайце за нецікавы тэкст». Але адрасату ўсе роўна спадабалася.

 

Як зазначылі мае суразмоўцы, вельмі цікавыя паштоўкі прыходзяць з Галандыі і ўсе той жа Фінляндыі. Дарэчы, адна з асноўных моваў, на якой пішуць посткросеры – ангельская. Некаторыя з адрасатаў просяць, каб на паштоўках былі б цікавыя надпісы на мовах адпраўнікоў.

 

Я ўсе спрабаваў зразумець – а ў чым жа ўвогуле інтарэс.

 

Мне растлумачылі:

 

– Найперш за ўсе, ты глядзіш на “прафайл” чалавека, ад якога ты атрымаў паштоўку. Вельмі цікава – хто ён. Вывучаеш паштоўку, вывучаеш інфармацыю аб адпраўляльніку.

 

Усё хараство ў тым, што ты ніколі заранёў не ведаеш, хто табе дастанецца – хлапец, альбо дзяўчына, альбо нават сямейная пара. За мяжой адна з жанчын зарэгістравала на сайце посткросераў нават свайго немаўлятку.

 

Кошт забавы

 

У месяц мая суразмоўца выдаткоўвае на посткросінг каля пяцідзесяці тысяч.

 

Як яна жартуе, дзякуючы беларускай друкарскай прамысловасці.

 

Новыя паштоўкі выходзяць не так часта і ёсць магчымасць не марнаваць шмат грошай.

 

– Гэта ўсё ж такі не старадаўнія аўтамабілі збіраць, – жартуе Маргарыта.

 

– Калі б было болей сюжэтаў, то і паштовак я бы адсылала значна больш. Шкада толькі, што раз у некалькі месяцаў на Белпошце павышаюць кошты на паслугі сувязі.

 

Даведка “Твайго стылю”:

 

Посткросінг – праект, створаны для магчымасці атрымання паштовак з усяго свету.

 

Удзельнік, які адсылае паштоўку, павінен атрымаць як мінімум яшчэ адну.

 

Кожная атрыманая паштоўка рэгіструецца на афіцыйным сайце і карыстальнікі могуць паглядзець у рэжыме ан-лайн, калі і адкуль прыйшла паштоўка.

 

Паштоўкі з калекцыі Маргарыты