Магія? Фокусы!
Сутнасць “Магіі…” палягае ў навучанні дзяцей і дарослых розным фокусам, якія можна выкарыстоўваць у тэрапеўтычнай працы з дзецьмі.
Гэты дасканала распрацаваны сістэмны падыход шырока падтрыманы лекарамі і прызнаны імі сапраўды эфектыўным.
>
Ён спалучае ў сабе навыкі прафесійных фокуснікаў і ілюзіяністаў з навыкамі спецыялістаў у сферы медыцыны, што выходзіць за межы традыцыйных рэабілітацыйных тэхнік і праграм.
Пры вывучэнні фокусаў удзельнікі атрымліваюць новыя рухальныя і інтэлектуальныя навыкі, якія паляпшаюць іх дробную маторыку, развіваюць нейраматорныя сувязі, а таксама ўздымаюць самаацэнку і настрой.
Для таго, каб стаць фокуснікам, трэба наведаць як мінімум два навучальныя семінары, на якіх сапраўдны фокуснік Віталь Паўлаградскі распавядзе аб праграме і навучыць асноўным фокусам.
У Беларусі «чараўнікі» дзейнічаюць пад эгідай Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».
У Гродне праграма стартавала 29 красавіка гэтага года. Актыўная праца вядзецца ў Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і гарадскім цэнтры медрэабілітацыі дзяцей-інвалідаў і хворых дзяцей псіханеўралагічнага профілю.
Усяго за гэты час курс прайшлі каля 600 дзяцей і дарослых.
У канцы траўня арганізатары падключылі да праграмы і Масты – там быў праведзены навучальны семінар і на наступны дзень практычныя заняткі ў навучальных установах горада.
Удзельнікі праграмы распавядаюць, што заняткі не праходзяць дарэмна. Дзеткі заўсёды вельмі радыя, калі да іх прыходзяць валанцёры. Яны не хочуць сыходзіць дадому і з задавальненнем развучваюць новыя фокусы, паўтараюць раней засвоеныя, вельмі стараюцца.
На другім этапе рэалізацыі праекта ў Гродне запланавана навучанне новых валанцёраў фокусам, якія дасведчаныя валанцёры ўжо засвоілі і ўжывалі на практыцы, а таксама самым новым фокусам, якія валанцёры са сталіцы толькі пачынаюць засвойваць.
Даведацца пра дакладныя даты і месца правядзення навучальных семінараў можна ў групе «Мы працуем!».