Усё “Золата Беларусі” – у Гродне

|

Гэта свет, у якім прысутнічае святочны супакой і вечны рух. У ім – светлы розум, добрае сэрца, душэўная чысціня змагання ў імя мастацтва.

 

Гэты свет стварылі майстры саломапляцення – Гатоўка (“Батлейка” ), Хадановіч ( “Жар-птушка”), Ржавуцкая (“Кароўка”, “Птушка”, “Конь”, “Сава” ), Панцялеева, а таксама нашыя знакамітыя майстры з Гарадзеншчыны: Т. Блудава, В. Краўчук, Н. Маёрава, А. Цімашкова, В. Цыганец, М. Ярэмчык.

>

Саломапляценне за апошнія паўстагоддзя вярнулася практычна з нябыту.

 

Спачатку на фабрыках мастацкіх вырабаў выраблялі чыста побытавыя рэчы – падносы, хлебніцы, цукерніцы, вазы, посуд ужытковага і абраднага прызначэння.

 

Потым на кірмашах і ў мастацкіх салонах пачалі з’яўляцца саламяныя кветкі, цацкі, пацеркі, бранзалеты і іншая біжутэрыя, капелюшы, сувенірныя лялькі, якія і сёння захоўваюць сваю магічную сілу.

Саломапляценне застаецца папулярным і ў вёсцы, і ў горадзе.

 

Па словах навуковай супрацоўніцы музея Алены Раматоўскай, выстава прысвечана сімвалічнаму на сённяшні дзень святу Дажынкі – абраду шанавання коласа, які арыентуе чалавека на асаблівы схаваны сэнс жыцця.

Гэта нешта міфарытуальнае, сімвалічнае. Шкада, што з цягам часу магічная роля коласа страчваецца, саступаючы месца яго дэкаратыўнай, мастацкай ролі, традыцыі забываюцца.

 

Але беларускія майстры саломапляцення дэманструюць сваю адданасць традыцыям беларускага народа. Сведчаннем такога стаўлення з’яўляюцца розныя формы вырабаў з саломкі, якая ў руках майстроў ператвараецца ў цуд.

 

Напрыклад, “Батлейка” Пятра Гатоўкі з вёскі Урэчча, што ў Вілейскім раёне Мінскай вобласці. Гэта праца майстра, у якой прысутнічае рэлігійная тэма (маленькі Езус з каралём Ірадам), абрадавая (каза-дзераза) і міфалагічная. Яна ўяўляе сабою спалучэнне гістарычнага сэнсу і таленту майстра, калі павінна быць усё проста, лаканічна і выразна.

Таму, каб лепш засвоіць традыцыі нашага народа, трэба часцей задумвацца над сэнсам, атрымліваць задавальненне ад зусім простых рэчаў.

 

Выстава ў музеі рэлігіі на вул. Замкавай будзе працаваць да 13 снежня.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча