Добра там, дзе нас няма

|

Што ж гэта за працэс і з чым яго ядуць? Якія ён мае плюсы і мінусы?

У запісных кніжках Ільфа і Пятрова ёсць такая цытата: “У фантастычных раманах галоўным было радыё. Пры ім чакалася шчасце чалавецтва. І вось радыё ёсць, а шчасця няма”.

 

Штосьці падобнае адбываецца з Балонскім працэсам. Некаторым людзям здаецца, што падпісанне Балонскай дэкларацыі можа цудоўным чынам змяніць нашу вышэйшую адукацыю.

 

Адным бачыцца прагрэс беларускіх універсітэтаў і імклівае прасоўванне еўрапейскіх каштоўнасцяў у нашае жыццё, іншым – будучая катастрофа бездухоўнасці і вульгарнай камерцыялізацыі айчыннай адукацыі. Але і першыя, і другія прыпісваюць Балонскай мадэлі вышэйшай школы нейкую магічную сілу, якая здольна фатальным чынам змяніць прыроду беларускіх ВНУ.

 

Празмерныя страхі і надзеі шмат у чым спароджаныя недахопам дакладнай інфармацыі аб Балонскім працэсе. Нагадаем, міністры адукацыі 29 еўрапейскіх краін у чэрвені 1999 года ў італьянскай Балоньі падпісалі дэкларацыю ў сферы вышэйшай адукацыі. Балонскі працэс афіцыйна падтрымліваюць 47 дзяржаў, у тым ліку краіны былога СССР – Расія, Украіна, Малдова, Грузія, Арменія, Азербайджан і Казахстан, які далучыўся зусім нядаўна.

 

Падпісанне Балонскай дэкларацыі робіць сапраўдным у любой краіне, якая падпісала дэкларацыю, дыплом спецыялістаў, дае магчымасць стажыроўкі, вучобы ў іншых краінах, абмену спецыялістамі, працаўладкавання ў любой краіне.

 

Студэнты ў працэсе навучання могуць выбіраць навучальныя дысцыпліны, а адпаведныя навучальныя праграмы дазваляюць залічваць курсы, пройдзеныя ў іншым ВНУ.

 

Згодна меркаванням некаторых беларускіх і замежных экспертаў, краіна, якая падтрымлівае Балонскі працэс, больш прывабная для замежных студэнтаў. У сваю чаргу ў беларускіх студэнтаў з’явяцца дадатковыя магчымасці навучання ў Еўропе.

 

“Я сваю краіну за цывілізаваным светам не павяду” – гэтая ўсім вядомая цытата Лукашэнкі стала ўжо крылатай.

 

Прэзідэнт лічыць, што ў Беларусі неабходна захаваць цяперашнюю сістэму адукацыі. Гэта асноўнае патрабаванне ён падкрэсліў на нарадзе 7 чэрвеня па пытанні мэтазгоднасці далучэння Беларусі да Балонскага працэсу.

 

Разам з тым, А. Лукашэнка паставіў задачу яшчэ раз прапрацаваць гэтае пытанне.

 

Былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Уладзімір Дунаеў не мае ілюзій наконт таго, што Беларусь нават у бліжэйшай перспектыве можа далучыцца да Балонскага працэсу.

 

– Заяву аб тым, што мы гатовыя далучыцца да Балонскага працэсу, нічога не змяняючы ў сваёй сістэме адукацыі, сур’ёзна ўспрымаць нельга, – падкрэсліў сп. Дунаеў.

 

Што штурхае кіраўніцтва Беларусі да такога адукацыйнага ірацыяналізму? Неразуменне? Страх перад усім новым? Або банальная дурасць? Пытанне вельмі складанае і заслугоўвае сур’ёзнай аналітычнай працы.

 

Але, тым не менш, факт застаецца фактам: беларускі рэжым паставіў на сваёй краіне таўро дзяржавы, з якой выганяюць універсітэты за іншадумства. У 2004 годзе быў зачынены Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Годам раней была зачынена яшчэ адна адукацыйная ўстанова: гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, які беларускія ўлады проста пазбавілі будынка.

 

На думку Анжалікі Вераб’ёвай, гарадзенскай выкладчыцы англійскай мовы, уступленне ў Балонскі працэс будзе спрыяць не толькі развіццю адукацыі, але і культуры ў цэлым.

 

А вось прадстаўнікі больш сталага ўзросту часта сцвярджаюць: “Навошта нам раўняцца на Захад? Мы і самі зможам падняць нашу адукацыю!”

 

Наконт “самі зможам!”. У мінулым годзе ў Беларусі з грукатам правалілася адукацыйная рэформа па пераходзе на 12-ці гадовы тэрмін сярэдняй адукацыі.

 

У выніку прыйшлося вярнуцца да 11-ці класаў, а вялікай колькасці школьнікаў з-за памылак чыноўнікаў давялося за адзін год прайсці праграму навучання за два гады. У гэты лік, дарэчы, патрапілі я і многія мае знаёмыя.

 

Многія з тых, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю за мяжой, там і застаюцца. З краіны з’язджае шмат добрых спецыялістаў.

 

Хто ж будзе працаваць ў Сіліконавай даліне, аб якой марыць беларускае кіраўніцтва?

 

Вось чаму ўжо немагчыма стаяць у баку ад еўрапейскай адукацыі з яе ўзроўнем і якасцю.