“Мы, па сутнасці, маргіналы”
Спачатку здавалася, што акцыя наогул не адбываецца. Я праходзіў паўз кафедральны пляц двойчы: за дзесяць хвілін шостая і а паўсёмай. Пуста, халадно і маркотна. Не адразу можна было заўважыць нешматлікую групку людзей, што стаялі з іншага боку вуліцы, на праспекце Гедыміна, са знічкамі і невялікім транспарантам з лаканічным надпісам „STOP”.
Ніякіх больш таблічак той дзесятак чалавек не меў, ані па беларуску, ані па руску, ані нават па літоўску. Толькі літарка “О” у “стопе”, стылізаваная пад знак знак радыяцыйнай небяспекі, магла штосці сказаць мінакам. Ну і, вядома, выказванні праз “мацюгальнік”, які рабіў літоўскую мову яшчэ менш зразумелай, чым звычайна.
Запытацца пра тое, што адбываецца, я вырашыў у першай лепшай асобы і ёю аказаўся Аляксей Крывалап з Беларускай партыі “Зялёныя”.
“Гэта арганізуюць нашыя літоўскія сябры, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў, экалагічныя актывісты, – растлумачыў ён. – У Літве ж цікавая сітуацыя: шмат хто супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы ці Калінінградзе, але падтрымлівае праект уласнай станцыі. То бок для іх АЭС наогул гэта добра. Ну але ж тут прынамсі ёсць магчымасць казаць пра тое, што ты не згодны.”
Аляксей растлумачыў, што “зялёныя” не прапануюць вярнуцца “ў лапці”, а зусім наадварот – глядзець у будучыню. Існуе гэтак званы прынцып шасці пакаленняў – гэта значыць, што трэба ацэнваць свае дзеянні з перспектывы наступных шасці пакаленняў – можна прыняць, што гэта каля 200 год. То бок трэба думаць не толькі пра сёння, але і пра тое, што будзе пасля нас.
“Атамная энергія азначае таксама жорсткую цэнтралізацыю – няма ж сэнсу будаваць АЭС у кожнай вёсцы. Але праблемы энергетыкі, як і шматлікія іншыя можна вырашаць на мяцовым узроўні! – працягваў беларускі “зялёны”. – Яшчэ нам кажуць, што ў нашым клімаце выкарыстанне сонечнай энергіі будзе немэтазгодным. Але ж тая самая Швецыя ёю карыстаецца, а там відавочна халадней чым у нас.”
Пакуль мы размаўлялі, я заўважыў, што хоць неяк зацікаўленых акцыяй асоб, як не было, так і далей няма. Самотны актывіст тыцкаў у нешматлікіх мінакоў улёткамі. Аказваецца, гэта не першая акцыя супраць будаўніцтва АЭС у рэгіёне. Ужо раней адбылося шэсць акцый у цэнтральнай частцы горада, кажуць, быццам пытанне пачалі абмяркоўваць…
Як толькі ад “чалавека з мацюгальнікам” адышлі тыя некалькі мясцвых журналістаў, каго зацікавіла падзея, падскочыў я. Мужчына – гэта быў экалагічны актывіст Дарыюс Пачэвічус – распавёў пра арганізацыю акцыі.
“Арганізатараў некалькі – гэта: міжнародны рух “Навукоўцы за бяз’ядзерны свет”, беларуская грамадская арганізацыя “Экасфера” і літоўская экаарганізацыя “Атгайя”. Але перадусім гэта проста неабыякавыя людзі.”
Паводле Дарыюса, галоўная праблема ў Літве гэта тое, што галасы за будаўніцтва АЭС чуюцца адусюль. Для кансерватараў гэта перш за ўсё энергетычная незалежнасць ад Расіі, сацыял-дэмакраты робяць націск на тым, што гэта танна. Супраць, па сутнасці, выступаюць маргіналы.
“Няма чаго дзівіцца, што акцыю не прыцягваюць шмат людзей – ужо 10 год ідзе прапаганда атамнай энергіі”, – падсумаваў Дарыюс.
Хаця да аптымізму няма асаблівых падстаў, акцыі будуць працягвацца: арганізатары абяцаюць у хуткім часе правесці выставы, перформенсы, а ва Ужупісе (Зарэчча – раён Вільні – ад аўт.) павесіць свой банэр.
Здымак аўтара