Сямён Шапіра: пра выбары, Каложу і чэсных чыноўнікаў
“Твой стыль” абагульніў найбольш цікавыя моманты, адлюстраваныя ў матэрыялах журналістаў, якія бралі 1 кастрычніка ўдзел у прэс-канферэнцыі.
“Астравецкая праўда” надрукавала некалькі цытат Сямёна Шапіры, якія тычацца прэзідэнцкіх выбараў, захавання гістарычнай спадчыны, беларускай мовы.
>
Аб выбарах Прэзідэнта
— Кампанія па выбарах Прэзідэнта павінна прайсці максімальна адкрыта, свабодна і дэмакратычна.
Існуючай уладзе, у тым ліку і мне, як яе прадстаўніку, няма чаго баяцца.
Так, у нас ёсць недапрацоўкі, ёсць нейкія памылкі, ёсць пакрыўджаныя людзі: здараецца, што нечыя пытанні мы не вырашылі, завалакіцілі ці вырашылі не так, як чалавеку хацелася. Але ў цэлым наш народ, я ўпэўнены, падтрымлівае існуючую ўладу і выкажа гэтую падтрымку на выбарах.
І потым, мы ж ведаем, што любы прэцэдэнт будзе выкарыстаны апазіцыяй, каб чарговы раз узняць вэрхал: маўляў, у Беларусі няма свабоды, дэмакратыі.
Яны ведаюць, што прайграюць, таму і імкнуцца знайсці любую магчымасць, каб паліць брудам не толькі ўладу, але і ўсю краіну, яе народ.
Такім я б сказаў: Радзіму трэба любіць нават тады, калі не любіш уладу. А калі яны дзейнічаюць па прынцыпе: чым горш, тым лепш, шукаюць любую магчымасць ці нават ідуць на правакацыі, каб ачарніць сваю Радзіму ў вачах міжнароднай супольнасці, то не трэба пры гэтым прыкрывацца высокімі словамі пра адраджэнне беларускай мовы.
Аб беларускай мове
— Сёння ў нашых школах няма ніякіх перашкод, каб вучыць дзяцей на беларускай мове. А чаму бацькі не выказваюць жаданне аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя класы, таксама зразумела.
Я добра памятаю той пакутлівы пераход з беларускай мовы навучання на рускую, які ў мяне адбываўся пры змене школы. Тое ж цяпер чакае выпускнікоў пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Але калі нават пяць чалавек захоча вучыцца ў школе на беларускай мове, мы створым класы і для пяці чалавек.
Аб гісторыі
— Пытанні гісторыі – святыя пытанні, і вырашаць іх трэба вельмі асцярожна, каб нашчадкі потым не смяяліся з нас ці, яшчэ горш, не ківалі дакорліва галовамі: вось, маўляў, сядзелі ў аблвыканкаме гадоў паўсотні назад нейкія чыноўнікі і такіх дроў наламалі з нашай гісторыяй.
Таму я перакананы, што ўсе падобныя рашэнні павінны праходзіць праламленне праз грамадскую думку.
Я, да прыкладу, да гэтага часу не ўпэўнены, што трэба рэстаўраваць Каложу, хоць мяне актыўна ў гэтым пераконваюць.
Лічу, што, перш чым прымаць канчатковае рашэнне па гэтым пытанні, трэба параіцца са спецыялістамі з таго ж ЮНЕСКА, з гісторыкамі, з духавенствам, грамадскасцю.
Гаспадарка
“Гродзенская праўда” ў сваёй справаздачы з прэс-канферэнцыі найбольш увагі надала абвешчаным Сямёнам Шапірам планам па развіцці гаспадаркі рэгіёна.
Па словах галавы вобласці, у бліжэйшыя гады ў Гродне будзе адрамантаваны чыгуначны вакзал. Апроч таго, Беларуская чыгунка плануе пабудаваць у горадзе два рэстараны, гатэль і стварыць рэтра-маршрут з Гродна да Парэчча.
Ужо ў наступным годзе павінна скончыцца рэканструкцыя заапарку.
У хуткім часе на гарадзенскіх вуліцах з’явяцца новыя тралейбусы.
У горадзе будуць дабудаваныя абласны кардыяцэнтр, дзіцячы абласны шпіталь, станцыя пералівання крыві.
Пра чыноўнікаў
“Вечерний Гродно” прыводзіць выказванні Сямёна Шапіры адносна яго стаўлення да чыноўнікаў.
– Многія крытыкуюць чыноўнікаў. Часам кажуць – карупцыя. Карупцыя ёсць у любой сферы.
А вось я чыноўнікаў абараняю. У асноўным яны чэсныя людзі, якія атрымліваюць невялікі заробак. Старшыня калгаса ў сярэднім атрымлівае два мільёны – два трыста, а калі ён становіцца начальнікам упраўлення – мільён дзвесце.
І я нізка кланяюся перад людзьмі, якія ідуць на гэту пасаду і губляюць свой прыбытак.
Фота: “Астравецкая праўда”