Cкідзель адсвяткаваў дзень нараджэння
На цэнтральнай плошчы прайшлі выставы, кірмашы, канцэртна-забаўляльныя мерапрыемствы і тэатралізаваныя прадстаўленні.
У цэнтральным парку адбыліся выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці раённага Дома рамёстваў і кніжная выстава аб гісторыі раёна.
Для самых маленькіх жыхароў горада працавалі атракцыёны, выяздны гандаль забяспечваў дзяцей паветранымі шарамі і рознымі прысмакамі.
Як маленькіх, так і дарослых жыхароў і гасцей горада, чакала цікавае цыркавое прадстаўленне мінскага тэатра “Крэсіва”.
Павіншаваць Скідзель і гараджан са святам прыехалі і такія знакамітыя артысты, як Паліна Смолава і група “Верасы”.
Незабыўнае ўражанне на ўдзельнікаў свята зрабіла фаер-шоў мінскай каманды “Если”. Тэатралізаванае шоў з агнём прайшло амаль што ў поўнай цішыні, за выключэннем музыкі, якая суправаджала гэта чароўнае дзейства.
Працягнула вечар дыскатэка пад адкрытым небам, дзе моладзь атрымлівала асалоду ад выдатнай музыкі DJ Моднага. Скончылася свята святочным феерверкам.
>
Фота аўтара
Даведка ТС:
Гісторыя Скідзеля пачалася ў XVI ст.
З 1588 г. у мястэчку знаходзіўся каралеўскі двор Гарадзенскага стараства Троцкага ваяводства.
Паводле прывілея 1644 г. караля Уладзіслава Вазы ў Скідзелі штогод праводзіліся 2 кірмашы.
З 1974 Скідзель набыў статус горада. Назва горада, праўдападобна, паходзіць ад балцкага “kedelis”, што азначае “варта, пастарунак”.