Мосар – месца, дзе варта быць
У Мосар мы заехалі па дарозе з Браслава ў Глыбокае. Адразу кінулася ў вочы дагледжаная тэрыторыя вакол касцёла Святой Ганны.
Побач з касцёлам намаганнямі ксяндза Булькі быў збудаваны вялізны культурна-дэндралагічны комплекс з вялікай колькасцю скульптур і розных гатункаў дрэваў.
Па дарозе ў прыкасцёльны парк нельга абмінуць скульптуру Арханёла, які забівае д’ябла. Мясцовыя жыхары чамусьці лічаць, што твар нячысціка падобны на твар правадыра сусветнай рэвалюцыі.
У самім парку, які раскінуўся на некалькіх гектарах, можна сустрэць вальеры з козамі ды страўсамі.
Крыху далей – шлях да цалебнай крынічкі, куды мясцовыя жыхары і госці Мосара ходзяць па гаючую ваду.
Побач з крынічкай – дзве невялічкія сажалкі, у якіх квітнее сапраўдная лотаць.
Уся тэрыторыя парка ўстаўленая крыжамі ад людзей, якія змагаюцца з алкагольнай залежнасцю.
Сярод іх – крыжы ад групаў ананімных алкаголікаў з Гродна, Ліды, Слоніма.
Ужо тры гады запар у першую суботу кастрычніка ў Мосары ладзяцца Дні цвярозасці, на якія прыязджаюць людзі з усёй краіны.
Ля касцёла знаходзяцца таксама два музеі цвярозасці, а таксама філіял Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Побач з апошнім выстаўленая цэлая калекцыя розных прыладаў працы і побыту, якімі раней карысталіся мясцовыя жыхары.
… Па дарозе з Мосара дадому не раз лавіў сябе на думцы, як многае можна зрабіць у нашых вёсках ды гарадках, калі знойдуцца людзі, якія не будуць чакаць каманды “зверху”, а самі пачнуць рабіць тое, што ў іх сілах.
У сваіх хатах, ля сваіх храмаў, на сваёй зямлі…
Фота аўтара