Першы манеўровы цеплавоз СНД будзе зроблены ў… Лідзе

|

Беларуская чыгунка падпісала кантракт з чэшскай кампаніяй «CZ LOKO a.s.» на мадэрнізацыю манеўровых лакаматываў. Мадэрнізацыю будуць праводзіць у лакаматыўным дэпо г.Ліда: мясцовыя чыгуначнікі маюць значны досвед рамонту і моцную матэрыяльную базу.


Першы мадэрнізаваны манеўровы цеплавоз выпусцяць у пачатку снежня гэтага года. Для яго распрацаваны сучасны дызайн. Ад ранейшага ў ім застануцца толькі рама і каляскі, але і яны будуць значна перапрацаваныя. На лакаматыў усталююць спецыяльны дызель-генератар, які дазволіць павялічыць магутнасць цеплавоза з 1000 да 1455 квт. Акрамя гэтага, падвысіцца нагрузка на вось да 21 тоны. Там, дзе раней пры ўздыме на горку было задзейнічана сумесна два цеплавоза, зараз будзе досыць аднаго. Новы манеўровы цеплавоз будзе адпавядаць самым жорсткім экалагічным патрабаванням.

 

Цеплавоз забяспечыць і камфортныя ўмовы для працы машыністаў. У кабіне будзе размешчаны кандыцыянер, а лабавае шкло ўсталююць з нахілам у 10 градусаў (для прадухілення эффекту люстэрка).

 

Вытворчасць цеплавозаў з такімі тэхнічнымі характарыстыкамі будзе першым на тэрыторыі СНД. Новыя лакаматывы будуць выкарыстоўвацца для працы з цяжкімі цягнікамі на сартавальных станцыях і ў вывазным руху. Рэалізацыя праекту разлічаная на 2010-2014 гады. Яна будзе ажыццяўляцца з прыцягненнем сродкаў еўрапейскіх банкаў. Плануецца пабудаваць 49 манеўровых цеплавозаў. У выніку мадэрнізацыі эксплуатацыйныя выдаткі лакаматываў знізяцца на 40 %, эканомія паліва складзе 30%, масла – да 80%.

На ілюстрацыі (http://trainshistory.): манеўровы цеплавоз у звычайным выглядзе, якім ён стане пасля мадэрнізацыі ўбачым праз два месяцы