У гарадзенскіх аптэках скупляюць баярышнік

|

Баярышнікавы бум у горадзе стаў асабліва адчувальным з пачатку гэтага года.

Падаражанне гарэлкі ды віна ў выніку дэвальвацыі прымусілі залежных ад алкаголю людзей вынаходзіць новыя спосабы “дагнацца”.

Настойка баярышніка, вырабленая на 70% этылавым спірце аказалася куды лепшым сродкам, чым трайны адэкалён – улюбёны напой савецкіх алкаголікаў у “сухія” 80-я.

Мяркуйце самі: за 9 тыс. рублёў можна купіць пяць 100-грамовых бутэлечак настойкі. Калі развесці гэтую вадкасць напалову вадой – атрымаюцца 2 пляшкі гарэлкі моцнасцю ў 35%.

Дадамо да гэтага чысціню прадукта і яго пэўны лекавы эфект (прэпарат карысны для прафілактыкі і лекавання хваробаў сэрца).

У гарадзенскіх аптэках баярышнік прадаюць не больш за 2 бутэлечкі ў адныя рукі.

– Гэта мала дапамагае. “Кліенты”, якіх мы ўжо добра ведаем у твар, заходзяць па некалькі разоў на дзень– каментуе “Твайму стылю” сітуацыю адна з аптэкарак.

Магчымым выйсцем з сітуацыі мог бы стаць продаж баярышніку толькі па рэцэптах, але на такую меру Міністэрства аховы здароўя пакуль не наважваецца.

Фота Ланы Руднік